У Гродне звольнілі дырэктара гімназіі, бо яе выпускнікі паступілі за мяжу

Выпускнікі гімназіі №1, ілюстрацыйнае фота

Выпускнікі гімназіі №1, ілюстрацыйнае фота / gymnasium1-grodno.by

У Гродне звольнілі дырэктара гімназіі №1. Прычына ў тым, піша Hrodna.life, што шмат выпускнікоў гімназіі вырашылі паступаць за мяжу.

У жніўні гродзенскія школы наведвала камісія, якая мела на руках звесткі, колькі выпускнікоў у якой школе падалося на апастыль і, значыць, планавала выехаць з краіны для далейшага навучання за мяжой. Ледзь не палова гэтага спісу аказаліся выпускнікамі гімназіі № 1 імя акадэміка Я.Ф. Карскага. За гэта і пацярпеў дырэктар гімназіі Барыс Сяброўскі.

Ён узначальваў гімназію з 2009 года, а да таго яшчэ восем гадоў быў намеснікам дырэктара. На пасадзе дырэктара яго замяніла Алена Адамовіч. Дагэтуль яна была начальніцай аддзела адукацыі, спорту і турызму Кастрычніцкага раёна Гродна.

Паводле звестак Hrodna.life, з пасадаў вырашылі зняць яшчэ некалькі дырэктараў школ. Акрамя таго, было звольнена з пасадаў больш за дзясятак завучаў па выхаваўчай рабоце, якія ў 2020 годзе паставілі свае подпісы "не за таго" кандыдата, піша выданне са спасылкай на ўласныя крыніцы.

Адсачыць выпускнікоў, якія ставілі апастыль на атэстаты, загадалі Міністэрства адукацыі і Дэпартамент кантролю якасці адукацыі. Паведамляецца, нібыта ў мінскіх ВНУ некаторым выпускнікам, якія хацелі забраць дакументы, не аддавалі на рукі сертыфікаты цэтралізаванага тэставання.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі