"Мы сувеніры купіць". У Мінск прыехалі дэлегаты Усебеларускага сходу (фота)

"Мы сувеніры купіць". У Мінск прыехалі дэлегаты Усебеларускага сходу (фота)

Каб паразмаўляць з дэлегатамі Пятага усебеларускага сходу, еду ў гатэль "Беларусь". Кажуць, менавіта там будуць жыць у бліжэйшыя дні прадстаўнікі народа адразу некалькіх абласцей краіны.

У фае гатэля мяне сустракаюць міліцыянты, супрацоўнікі службы бяспекі гатэлю і службы бяспекі "вось гэтага вось усяго" (менавіта так патлумачыў свае паўнамоцтвы мужык у чырвонай кашулі і са срэбраным крыжыкам на ланцужку), а таксама ратавальнікі з МНС. Правяраюць мае дакументы, рэдакцыйнае пасведчанне, некуды тэлефануюць, паўшэптам гаворачы ў трубку: "Ён з Еўрарадыё, што гэта?", і ў выніку ласкава дазваляюць застацца ў холе гатэлю. Дэлегатаў чакаю больш за дзве гадзіны. Першым, каго атрымліваецца злавіць, з'яўляецца старшыня Ельскага раённага савета дэпутатаў:

"Будзем намячаць планы на пяцігодку і ператвараць іх у жыццё. Галоўная мэта ― узняцце эканамічнага ўзроўню краіны, адпаведна, і дабрабыту насельніцтва нашага. Калі будзе працаваць эканоміка, то будуць расці і прыбыткі, яны накіроўваюцца на дабрабыт нашага насельніцтва".

Пытаю ў дэлегата Усебеларускага нацыянальнага сходу, ці атрымалася, на яго думку, рэалізаваць планы на мінулую пяцігодку. Дэлегат моршчыць лоб і пачынае ўспамінаць часы СССР:

"Штосьці атрымалася, нешта — не. Вы ведаеце, калі браць некалі СССР, то гэта была закрытая прастора. У нас быў адзіны рубель. Ён хадзіў, як адзіная валюта, незалежна ад замежнай. На сённяшні дзень такой дзяржавы, як СССР, няма, і мы ўжо ўвязаныя ў сусветную эканоміку. А калі мы ўвязаныя ў сусветную эканоміку, то тое, што адбываецца ў свеце, мы ад яго не можам быць у баку".

"Мы сувеніры купіць". У Мінск прыехалі дэлегаты Усебеларускага сходу (фота)

Старшыня савета дэпутатаў Ельскага раёна Гомельскай вобласці сыходзіць у нетры гатэлю "Беларусь". Замест яго адтуль у фае выходзяць дзве святочна апранутыя дэлегаткі з чырвона-зялёнымі значкамі "Пяты Усебеларускі сход" на грудзях. Падбягаю да іх з уключаным дыктафонам:

― Скажыце калі ласка, вы дэлегаты? Адкуль вы?

― Мы турысткі.

― Але ж я бачу вашы значкі. Раскажыце, адкуль вы, каго прадстаўляеце?

― Мы з гомельскай вобласці. А вашы дакументы можна?

― Вось, калі ласка. Раскажыце, чаму вы вырашылі прыехаць сюды?

― Мы не вырашылі самі. Нас выбралі, і мы прыехалі. Працоўныя калектывы.

― Якія? Адкуль вы?

― З Гомеля мы.

― Але з якога канкрэтна прадпрыемства?

― Ну што мы ужо на асобы будзем пераходзіць.

― Добра. А праграму кароткую на будучую пяцігодку чыталі? Магчыма, хочаце за нешта прагаласаваць, альбо супраць?

― Вядома, мы чыталі. Але на месцы будзе бачна, будзем абмяркоўваць. Мы за квітненне роднай Беларусі.

― Як думаеце, праграму на мінулую пяцігодку атрымалася выканаць?

― У кожнага па-свойму, у нас удалося.

― Магчыма, вы маеце свае прапановы нейкія на сход, агучыце?

― Вось, мы ідзём сувеніры паглядзець. Магчыма, нават нешта купім. Будзем усіх частаваць.

На гэтым гамяльчанкі пад прыхаваныя смяшкі сыходзяць у кірунку сувенірнай крамы і нейкі час насамрэч штосьці там выбіраюць. Праз хвіліну заўважаю іх ужо за столікам у буфеце.

"Мы сувеніры купіць". У Мінск прыехалі дэлегаты Усебеларускага сходу (фота)

Тым часам дэлегаты выходзяць з ліфтаў гатэля ўсё часцей, праўда, размаўляць ніхто з іх не хоча. Некаторыя адмаўляюцца, праверыўшы маё журналісцкае пасведчанне з надпісам вялікімі літарамі "Картачка акрэдытацыі замежнага журналіста", некаторыя праходзяць міма, нават не рэагуючы на мае прывітанні. Хвілін праз дзесяць у пастку трапляе сціплы і невысокі хлопец. Кажа, што яго імя Дуброўскі Яўген, ён з Буда-Кашалёўскага раёна і прадстаўляе тут, адпаведна, Буда-Кашалёўскі аграрна-тэхнічны каледж. "Я актыўна ўдзельнічаю ў яго жыцці і мяне выбралі прадставіць каледж", ― жвава тлумачыць хлопец. Вырашаю не разменьвацца на дробязі і адразу задаю самае вострае пытанне:

― Натуральна, вы чыталі кароткі змест праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця на 2016―2020 гады. За што будзеце галасаваць, а за што — не?

Дуброўскі Яўген з Буда-Кашалёўскага аграрна-тэхнічнага каледжа глядзіць на мяне, як на ідыёта і адказвае:

― Я буду галасаваць за моцную і квітнеючую Беларусь. А больш канкрэтна нават і не скажу.

На развітанне Яўген паведамляе мне, што арганізацыя Нацыянальнага сходу яму "вельмі-вельмі падабаецца" і нават, што ён "уражаны-уражаны".

"Мы сувеніры купіць". У Мінск прыехалі дэлегаты Усебеларускага сходу (фота)

Апошняя мая ахвяра ― жанчына ў чырвонай сукенцы. Гэта старшыня раённага савета Хойнікаў Галіна Віктараўна. Галіна Віктараўна паведамляе, што "была выбраная працоўнымі калектывамі, дзе раней працавала":

― Вам спадабаўся кароткі план развіцця на пяцігодку?

― Мне вельмі спадабаўся.

― Што канкрэтна?

― Мне спадабалася, што мы будзем развівацца, што мы не стаім на месцы. І што галоўнае, нашы чарнобыльскія раёны ніколі не забываюць.

― А пяць гадоў таму вы таксама ўдзельнічалі ва Усебеларускім сходзе?

― Так.

― На ваш погляд, план на мінулую пяцігодку атрымалася выканаць альбо не?

― Я вам за дзве секунды не магу сказаць. Прыязджайце ў Хойнікі, усё убачыце, што мы зрабілі за пяць гадоў. Наш хойніцкі народ.

На гэтым мае размовы з дэлегатамі Пятага усебеларускага сходу заканчваюцца. Іх арганізавана грузяць у аўтобусы і вязуць у невядомым накірунку. Верагодна, дэманстраваць грандыёзныя дасягненні. Я вяртаюся ў рэдакцыю, а па дарозе думаю, што заўтра гэтыя людзі абавязкова прагаласуюць правільна.

"Мы сувеніры купіць". У Мінск прыехалі дэлегаты Усебеларускага сходу (фота)

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі