Мы ведаем, што рэжым у Мінску не прадстаўляе народа Беларусі — генсакратар NATO
Енс Столтэнберг / https://twitter.com/jensstoltenberg
Генеральны сакратар NATO Енс Столтэнберг выказаўся пра сітуацыю ў Беларусі. Ён адказваў на пытанне "Белсата" пра аддзяленне беларусаў ад рэжыму Аляксандра Лукашэнкі ў пытанні саўдзелу ў вайне ва Украіне.
"Мы ведаем, што рэжым у Мінску не прадстаўляе народа Беларусі, бо мы бачылі, як выбары былі абсалютна падробленыя, як выбараў не паважалі, — кажа Столтэнберг. — Так што мы ведаем, што людзі ў Беларусі маюць зусім не такое меркаванне пра вайну, як рэжым. Вядома, рэжым саўдзельнічае ў расійскай незаконнай вайне. Хоць Беларусь не паслала сваіх уласных войскаў, яны дазволілі прэзідэнту Пуціну, Расіі выкарыстаць Беларусь як платформу запуску атак супраць Украіны. Вы памятаеце, як у пачатку вайны, калі пачалося ўварванне, сілы прыйшлі з поўначы, з Беларусі, планавалі ўзяць Кіеў".
Генеральны сакратар NATO нагадаў, што Расія працягвае выкарыстоўваць беларускую тэрыторыю. "Беларускі рэжым не павінен быць саўдзельнікам, не павінен падтрымліваць незаконную расійскую вайну, — працягвае Енс Столтэнберг. — Гэта парушэнне міжнароднага права. І гэта тое, што Беларусь, вядома, мусіць асуджаць".
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.