Мясніковіч: Адзіная валюта ў цяперашняй сітуацыі пагражае суверэнітэту

Былы прэм'ер-міністр Беларусі, а цяпер кіраўнік Савета Рэспублікі Міхаіл Мясніковіч 23 красавіка выступіў на міжнароднай канферэнцыі ў Мінску.

Як паведамляе tut.by, Мясніковіч аналізаваў сітуацыю ў Еўразійскім эканамічным саюзе (ЕАЭС), які пачаў дзейнічаць з 1 студзеня 2015 года. Зараз у яго ўваходзяць Расія, Беларусь, Казахстан і Арменія, у траўні чакаецца далучэнне Кыргызстана.

Мясніковіч лічыць, што ў ЕАЭС "гаворыцца шмат, а робіцца мала". На яго думку ёсць "дэфіцыт ідэй, падыходаў, як забяспечыць паспяховую, бесканфліктную рэалізацыю дамовы аб ЕАЭС".

Былы кіраўнік урада распавёў, што ў гандлі таварамі на момант падпісання дамовы існавалі 422 бар'еры. "71 бар'ер здымаецца падпісаннем дагавора. Астатнія нам яшчэ трэба будзе ліквідаваць", — адзначыў ён.

Закрануў Мясніковіч і ідэю ўвядзення адзінай валюты ў ЕАЭС. На яго думку пра гэта казаць рана, пакуль існуюць адрозненні ў сістэмах гаспадарання ў краінах-чальцах саюза. "На практыцы гэта можа азначаць поўнае падпарадкаванне краін ЕАЭС інтарэсам дзяржавы з большай эканомікай. Фактычна гэта можа прывесці да страты суверэнітэту", — заявіў экс-прэм'ер.

З прапановай ўвесці ў Еўразійскім эканамічным саюзе адзіную валюту нядаўна выступала Расія. Нядаўна Уладзімір Пуцін даручыў Цэнтрабанку і ўраду Расіі прапрацаваць пытанне наконт стварэння валютнага саюза ў Еўразійскім эканамічным саюзе.

Фота — з архіву bymedia.net

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі