Мясніковіч: Для скачка інфляцыі ў Беларусі няма падставаў
Прэм'ер-міністр лічыць, што інфляцыя не скокне на 30% — велічыню валютнага збору.
У Беларусі няма падставаў для скачка інфляцыі. З такой заявай на тэлеканале "Беларусь 1" 21 снежня выступіў кіраўнік урада Міхаіл Мясніковіч.
Прэм'ер не лічыць, што ў сувязі з увядзеннем часовага 30-адсоткавага збору на куплю валюты інфляцыя таксама ўздымецца на 30%. "У нас энэргетыка абароненая, ўклады абароненыя, і заработная плата застаецца ў рамках тых разлікаў і балансаў, якія мы вызначылі на 2014-2015 год", — перадае яго словы БЕЛТА.
Мясніковіч нагадаў, што прадпрыемствы не будуць плаціць збор пры набыцці валюты для разлікаў за нафту, нафтавы (спадарожны) газ, іншыя вадкія і газападобныя вуглевадароды, прыродны газ і за электраэнэргію. Даходнасць гандлю імпарцёраў нават пры 30-адсоткавым валютным зборы будзе вышэйшай, чым у аналагічнага бізнэсу ў Расіі ці Украіне, дзе ўзровень дэвальвацыі нацыянальных валют дасягнуў 180% і 200% адпаведна. Чыноўнік адзначыў, што "нейкі імпартны тавар падаражэе", але ў Беларусі ёсць свая аналагічная прадукцыя — якасная, па прымальных коштах і ў дастатковай колькасці.
Прэм'ер-міністр запэўніў, што зараз банкаўскія ўклады ў беларускіх рублях абароненыя і маюць высокую даходнасць. Ён дадаў, што кожны грамадзянін можа купляць і прадаваць валюту без абмежаванняў, але пры камісіі ў 30%.
Фота — belarushockey.com