Мясніковіч у Нью-Ёрку прапануе зняць санкцыі з беларускіх прадпрыемстваў
Прэм'ер-міністр Беларусі ў Нью-Ёрку сустрэўся з чальцом Палаты прадстаўнікоў Кангрэса ЗША ад Дэмакратычнай партыі Хакімам Джэфрысам.
Сустрэча адбылася падчас Першага Беларуска-амерыканскага інвестыцыйнага форума. Міхаіл Мясніковіч абмяркоўваў пытанні палітычнага ўзаемадзеяння паміж Беларуссю і Злучанымі Штатамі.
"Мы гаварылі пра палітыку, санкцыі. Я сказаў пра тое, што няма падставаў, каб цэлы шэраг прадпрыемстваў Беларусі знаходзіліся пад санкцыямі", — перадае БЕЛТА словы беларускага чыноўніка.
Паводле Мясніковіча, кангрэсмен вельмі высока ацаніў ролю Беларусі і Аляксандра Лукашэнкі ў пытанні мірнага ўрэгулявання ўкраінскага канфлікту.
Акрамя таго, кажа кіраўнік беларускага ўраду, дамовіліся, што Палата прадстаўнікоў Кангрэсу ЗША разгледзіць магчымасць накіраваць дэлегацыю ў Беларусь. Мэта візіту — пазнаёміцца з умовамі для актыўнага бізнэсу і прапанаваць палітычныя рашэнні, каб стварыць адпаведныя камфортныя ўмовы для гандлёва-эканамічнага і інвестыцыйнага супрацоўніцтва.
На фота БЕЛТА — Міхаіл Мясніковіч выступае на форуме