Мытны кодэкс лідары краін ЕАЭС падпісалі ў адсутнасць Лукашэнкі
Новую рэдакцыю Мытнага кодэкса лідары краін Еўразійскага эканамічнага саюза (ЕАЭС) падпісалі ў адсутнасць Аляксандра Лукашэнкі. Адбылося гэта 26 снежня ў Санкт-Пецярбургу падчас пасяджэння Вышэйшага Еўразійскага эканамічнага савета. У ім удзельнічалі прэзідэнты Расіі Уладзімір Пуцін, Кыргызстана — Алмазбек Атамбаеў, Казахстана — Нурсултан Назарбаеў і Арменіі — Серж Саргсян. Як інфармуе РІА "Новости", Атамбаеў на цырымоніі не падпісаў Мытны кодэкс, хаця Кыргызстан яго зацвердзіў. Бішкек захацеў удакладніць фармулёўку адносна зняцця бар'ераў і абмежаванняў на ўнутраным рынку.
Лукашэнка не прыехаў на саміт з невядомых прычын. Сам ён, выступаючы на сённяшняй нарадзе ў Мінску, ніяк гэта не патлумачыў. Прэс-сакратар Пуціна Дзмітрый Пяскоў сказаў, што расійскаму боку "некарэктна было б казаць пра прычыны, усё ж такі гэта павінна рабіць прэс-служба прэзідэнта Беларусі". Таксама Пяскоў адзначыў, што адсутнасць Аляксандра Лукашэнкі на саміце ЕАЭС не перашкодзіць абмеркаванню пытанняў інтэграцыі. Тым больш, што дакументы былі раней узгоднены і іх цяпер дашлюць у Мінск "з тым, каб Аляксандр Рыгоравіч змог іх там падпісаць".
Мытны кодэкс Еўразійскага эканамічнага саюза заменіць Мытны кодэкс Мытнага саюза, прыняты ў 2009 годзе. Дакумент павінен закласці неабходныя асновы для пераходу да адзінага мытнага рэгулявання ў межах ЕАЭС. Мяркуецца, што ён пачне дзейнічаць з 1 ліпеня 2017-га, нагадвае БелаПАН.
Варта нагадаць, што 9 снежня Лукашэнка запатрабаваў забяспечыць выкананне нацыянальных інтарэсаў краіны пры прыняцці Мытнага кодэкса ЕАЭС, даць яго праекту "аб'ектыўную ацэнку, узважыць усе за і супраць, пралічыць наступствы і магчымыя рызыкі".