МЗС Беларусі папрасіў у расійскага амбасадара патлумачыць мэты баевікоў
30 ліпеня ў МЗС Беларусі былі па чарзе запрошаныя амбасадар Расіі ў Беларусі Дзмітрый Мезенцаў і дарадца-пасланнік, выканаўца абавязкаў кіраўніка Амбасады Украіны ў Беларусі Пётр Урублеўскі.
Нагодай стала ўчорашняе затрыманне больш як 30 удзельнікаў расійскай прыватнай ваеннай кампаніі "Вагнер". Беларускія праваахоўнікі затрымалі і на тэрыторыі санаторыя ў Мінскім раёне.
Як паведамляе прэс-служба беларускага замежнапалітычнага ведамства, амбасадара Расіі папрасілі даць грунтоўныя тлумачэнні наконт мэтаў і іншых акалічнасцяў знаходжання ў нашай краіне гэтай арганізаванай групы асоб. Пры гэтым была звернутая ўвага на тое, што многія ў ёй маюць даказаны досвед баявых дзеянняў.
Падчас размовы з кіраўніком украінскай дыпмісіі беларускія дыпламаты звярнулі ўвагу, што пацвердзіліся звесткі пра ўдзел затрыманых у баях на тэрытоырі Данецкай і Луганскай абласцей Украіны. Таксама ёсць інфармацыя пра ўкраінскае паходжанне і ўкраінскае грамадзянства ў некаторых з іх. Таму ў Пятра Урублеўскага папрасілі даць інфармацыю, "якая можа быць выкарыстаная для ўсебаковага аналізу і ацэнкі прычын іх прысутнасці ў Беларусі".
Наяўнасць баевікоў у Беларусі МЗС назваў "насцярожваючым фактам". У сувязі з выбарчай кампаніяй МЗС нашай краіны дамовіўся з украінскім бокам актывізаваць узаемадзеянне паміж памежнымі ведамствамі і ўзмацніць памежны рэжым, каб не дапусціць дэстабілізацыі абстаноўкі ў абедзвюх краінах.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.