МЗС Літвы дапускае перавозку ўкраінскага збожжа праз Беларусь
Літва можа дазволіць транзіт украінскага збожжа праз Беларусь / pixabay.com
Транзіт украінскага збожжа праз Беларусь у літоўскія парты магчымы, калі пры гэтым не будзе аніякіх палітычных умоваў. Так міністр замежных спраў Літвы Габрыэлюс Ландсбергіс пракаментаваў прапанову Беларусі, якая была агучаная ў ААН.
Па словах Ландсбергіса, гаворка ідзе не пра тавары, якія трапілі пад санкцыі, а пра камерцыйны праект.
"Камерцыйныя асобы сустракаюцца, падпісваюць кантракты, выплачваюцца грошы, тавары прыбываюць у Клайпедскі порт, а адтуль адпраўляюцца ў свет. Урад не адсочвае і не кантралюе гэтыя тавары, і, шчыра кажучы, я магу нават не ведаць, якія тавары туды ідуць", — цытуе bns.lt ягоныя словы.
Пры гэтым ён рашуча заявіў, што калі гэтая схема будзе звязаная з палітычнымі перамовамі, то іх не будзе.
Раней паведамлялася, што на сустрэчы з генсакратаром ААН Антоніу Гутэрышам намеснік міністра замежных спраў Беларусі Юрый Амбразевіч прапанаваў транзіт украінскага збожжа праз Беларусь у Літву ў абмен на экспарт беларускіх угнаенняў. Прэзідэнт Літвы Гітанас Наўседа ацаніў такую прапанову як пастку на фоне санкцый супраць беларускага рэжыму.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.