МЗС: Мэта візіту літоўскіх парламентароў не мела дачынення да дыпламатыі

МЗС: Мэта візіту літоўскіх парламентароў не мела дачынення да дыпламатыі

МЗС Беларусі пракаментаваў выказванні літоўскага парламентара Кашчунаса, якому разам з пяцю калегамі не далі беларускія візы. 

Як распавядала Еўрарадыё, шэсць літоўскіх дэпутатаў меліся прыехаць у Беларусь па запрашэнні кіраўніка АГП Анатоля Лябедзькі на дыскусію па рэгіянальнай бяспецы. Сярод іншага на ёй меліся абмяркоўваць беларуска-расійскія вучэнні "Захад-2017". Дэпутат Лаўрынас Кашчунас выказаў меркаванне, што беларускія ўлады спалохаліся шасці парламентароў. 

Прэс-сакратар МЗС Дзмітрый Мірончык, каментуючы сітуацыю, адзначыў, што літоўскія СМІ далі "крыху вольную трактоўку сітуацыі". Па яго словах, беларуская амбасада ў Вільні не выдала літоўскім дэпутатам дыпламатычныя візы, бо мэта іх візіту не мела ніякага дачынення да дыпламатыі.

"Разам з тым, ніхто не перашкаджае дэпутатам скарыстацца уведзеным Беларуссю ў аднабаковым парадку для грамадзян Літвы і яшчэ некалькіх дзясяткаў краін бязвізавым уездам у нашу краіну па агульнаграмадзянскім пашпартах на тэрмін да 5 дзён праз Нацыянальны аэрапорт сталіцы Беларусі. Калі, вядома, дэпутат Кашчунас не баіцца", — паведаміў дыпламат.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі