МЗС Польшчы адмаўляе, што скарачэнне фінансавання „Белсата” звязанае з палітыкай
Скарачэнне фінасавання для тэлеканала "Белсат" тлумачыцца не палітычнымі прычынамі, а бюджэтнымі. Пра гэта польскім СМІ заявіў намеснік міністра замежных спраў Польшчы Конрад Шыманскі, перадае Радыё "Рацыя". Чыноўнік дадаў, што Польшча зацікаўленая развіццём сувязяў з Беларуссю, бо ўсходняя палітыка Еўразвязу апынулася ў сур’ёзным крызісе.
Як вядома, у беларускай апазіцыі ёсць меркаванні, што тэлеканалу "Белсат" скарачаюць фінасаванне ў выніку гандлю паміж Мінскам і Варшавай. У прыватнасці, адзін з польскіх тэлеканалаў можа трапіць у беларускія кабельныя сеткі.
На гэты закід Шыманскі заявіў: “Гэта простае супадзенне падзеяў, якія насамрэч не маюць з сабой нічога агульнага". Па яго словах, цяпер трэба знайсці новую формулу супрацоўніцтва з усімі краінамі Усходняга партнёрства, якія дагэтуль былі ў ім амаль не задзейнічаныя.
Польскі дыпламат дадаў, што "Белсат" не з'яўляецца прадметам торгу паміж Мінскам і Варшавай. Па яго словах, Польшча зацікаўленая ў тым, каб знайсці нейкія новыя спосабы ўзаемадзеяння з Беларуссю.
Раней у інтэрв'ю польскім СМІ кіраўнік польскай дыпламатыі Вітальд Вашчыкоўскі прапанаваў беларусам вучыць польскую мову, каб глядзець польскі канал узамен "Белсата".