МЗС Польшчы назваў суд над Анджэем Пачобутам элементам антыпольскай кампаніі
Анджэй Пачобут на судзе / БЕЛТА
Міністэрства замежных спраў Польшчы пракаментавала пачатак суда над журналістам Анджэем Пачобутам.
Гэты судовы працэс прэс-сакратар польскага МЗС Лукаш Ясіна назваў адным з элементам антыпольскай кампаніі.
"Анджэй Пачобут знаходзіцца пад вартай з сакавіка 2021 года, абвінавачванні супраць яго не адпавядаюць рэчаіснасці і палітычна матываваныя. На думку МЗС, арышт і суд над Анджэем Пачобутам з'яўляюцца яшчэ адной праявай інструментальнага выкарыстання сістэмы правасуддзя насуперак усім дэмакратычным стандартам і адным з элементаў антыпольскай кампаніі, якая праводзіцца беларускімі ўладамі", — гаворыцца ў заяве МЗС.
Польскае знешнепалітычнае ведамства заклікае вызваліць Анджэя Пачобута, праваабаронцу, лаўрэата Нобелеўскай прэміі міру Алеся Бяляцкага ды "ўсіх іншых людзей, якія працуюць над пабудовай дэмакратычнай, суверэннай і незалежнай Беларусі".
Як распавядала Еўрарадыё, закрыты суд над Анджэем Пачобутам пачаўся 16 студзеня ў Гродне. Актывіста польскай меншасці вінавацяць у распальванні варожасці і закліках да дзеянняў, накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы. За кратамі Пачобут знаходзіцца з 25 сакавіка 2021 года.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.