На Алімпіяду ў Парыж паедзе толькi адзін беларускі барэц — Абубакар Хаслаханаў
Абубакар Хаслаханаў
На Алімпіяду ў Парыжы паедзе толькi адзін беларускі барэц — Абубакар Хаслаханаў. Пра рашэнне Міжнароднага алімпійскага камітэта паведаміла Беларуская федэрацыя барацьбы. Раней ліцэнзіі заваявалі 10 спартсменаў.
Спартсмены з Беларусі і Расіі могуць паўдзельнічаць у Алімпіядзе ў выпадку праходжання кваліфікацыі толькі ў статусе індывідуальных нейтральных атлетаў. Але яшчэ патрабуецца дазвол спецыяльнай камісіі, створанай МАК. Яна сочыць, каб атлеты не падтрымлівалі вайну ва Украіне і не мелі сувязяў з сілавымі ведамствамі Беларусі або Расіі.
Беларуская федэрацыя барацьбы піша, што разам з НАК пратэставала супраць нядопуску да Алімпіяды лідараў зборнай (Ванэсы Каладзінскай, Ірыны Курачкінай, Магамедхабіба Кадымагамедава, Аляксандра Гуштына, Паўла Глінчука і Веранікі Івановай), але безвынікова. Яна выказала сваё расчараванне "сітуацыяй, якая складваецца вакол нашых спартсменаў у МАК".
Хаслаханаву 20 гадоў. Ён нарадзіўся ў Дагестане, але ў 6-гадовым узросце з сям'ёй пераехаў у Беларусь. Алімпійскую ліцэнзію атрымаў, заняўшы 5-е месца на чэмпіянаце свету ў катэгорыі да 97 кг у грэка-рымскай барацьбе.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.