На Ашмянскай мытні выявілі карупцыйную схему (відэа)
Пра гэта ў пятніцу падчас сустрэчы з кіруючым складам Дзяржаўнага мытнага камітэта расказаў Аляксандр Лукашэнка.
3 красавіка Аляксандр Лукашэнка расказаў аб выяўленай карупцыйнай схеме ў дзейнасці Ашмянскай мытні. Адбылося гэта падчас сустрэчы з кіруючым складам Дзяржаўнага мытнага камітэта.
"Зусім нядаўна выявіўся абуральны выпадак, — цытуе словы кіраўніка дзяржавы БЕЛТА. — Камітэт дзяржбяспекі разам з іншымі праваахоўнымі органамі выявіў, што ў Ашмянскай мытні ў злачынную дзейнасць быў уцягнуты ледзь не ўвесь асабісты склад мытнага паста "Каменны Лог".
Паводле слоў Лукашэнкі, карупцыйная схема дзейнічала працяглы час. У ёй удзельнічалі каля 20 чалавек — службовых асобаў. Было падлічана, што яны незаконна зарабілі мільёны долараў. "Чаму... у вас пад бокам сфармавалася такая банда?", — спытаў у прысутных Аляксандр Лукашэнка. Ён канстатаваў, што "карупцыйная ржа" раз'ядае шэрагі беларускіх мытнікаў і запатрабаваў, каб падобных фактаў больш не было: "Выпальваць гэта зло будзем гарачым жалезам".
Кіраўнік дзяржавы заявіў, што злачынцы мусяць кампенсаваць нанесеныя дзяржаве страты ў 3-5-разовым памеры.
Фота: AFP