На БМЗ у Жлобіне адбыўся вялікі пажар
Увечары 5 сакавіка на Беларускім металургічным заводзе ў Жлобіне адбыўся пажар. Мясцовыя ратавальнікі атрымалі паведамленне пра пажар у электрасталеплавільным цэху №1 у 20.39, перадае прэс-служба Міністэрства па надзвычайных сітуацыях.
Ужо ў 20.40 супрацоўнікі МНС былі на месцы і выявілі моцнае задымленне ў кабельным тунэлі. Кабельны тунэль Г-падобнай формы быў пабудаваны ў 1984 годзе. Ён мае ў вышыню і шырыню па 2 м. Адно яго калена цягнецца на 100 м, другое — на 60 м. У калектары паабапал ў латках пракладзеныя кабелі, па якіх падаецца электраэнергія.
Ратавальнікі ліквідавалі пажар. Пацярпелых няма.
Агонь пашкодзіў 30 600 пагонных метраў ізаляцыі электрычных кабеляў. У выніку гэтага часова спынены тэхналагічны працэс выплаўлення сталі.
Прычына пажару высвятляецца.