На будоўлі ў студгарадку БДУ знайшлі габрэйскія надмагільныя пліты
Надмагільныя габрэйскія пліты адкапалі падчас будоўлі інжынернага корпуса метрапалітэна паміж плошчай Незалежнасці і вуліцай Ленінградскай. Вакол размяшчаецца некалькі корпусаў БДУ. З 2003 года на пляцоўцы была пустка.
З боку вуліцы, па-за межамі ўніверсітэта, будоўля агароджаная плотам, і трапіць на яе немагчыма. Але з унутранага дворыка ўніверсітэта часткі плота няма, таму заходзім на будпляцоўку без праблемаў.
З начальства тут нікога. Некалькі эскалатараў возяць камяні туды-сюды і будаўнікі капаюць зямлю рыдлёўкамі. На пытанне, ці ведаюць яны, што адкапалі старыя габрэйскія надмагільныя пліты, мужчыны адказваюць: “Ну, камянёў тут шмат”. З гісторыкаў, вядома, ніхто не прыязджаў.
“Прыязджалі толькі паглядзець на медны кабель. Ён парваўся, будуць рамантаваць”, — распавядае адзін з будаўнікоў.
Раней на месцы ўніверсітэцкага гарадка былі габрэйскія могілкі. Знішчылі іх у савецкія часы падчас будоўлі корпуса БДУ. Частка надмагільных плітаў пайшла на падмуркі ўніверсітэцкага корпуса.
Сяміпавярховы інжынерны корпус плошчай 6 тысяч квадратных метраў, прызначаны для абслугоўвання трэцяй і чацвёртай ліній, здадуць праз два гады.