На чыгуначную станцыю ў Калінкавічах прыйшоў п'яны мужчына з пісталетам
Мужчыну з пнеўматычным пісталетам затрымалі міліцыянты 4 лютага на чыгуначнай станцыі ў Калінкавічах, паведамляе УУС Гомельскага аблвыканкама.
У 14:18 у міліцыю затэлефанавала работніца таварнай канторы чыгуначнай станцыі "Калінкавічы". Жанчына паведаміла, што да іх у будынак прыйшоў мужчына з прадметам, падобным да пісталета.
На месца здарэння былі адразу адпраўленыя бліжэйшыя нарады міліцыі ды следча-аператыўная група РАУС. Выявілася, што на працу да сваёй былой жонкі прыйшоў нецвярозы 40-гадовы мужчына. Дастаўшы пісталет, ён стаў пагражаць работнікам таварнай канторы.
Міліцыянты затрымалі мужчыну. Пісталет у яго апынуўся пнеўматычным, але вонкава падобным да пісталета Макарава.
Цяпер вырашаецца пытанне пра крымінальную справу на мужчыну. Высвятляецца матыў злачынства.