На Еўрагульні можна будзе прыехаць без візы на месяц
З квітком на Еўрапейскія гульні ў Беларусь можна будзе прыехаць без візы праз любы пункт пропуску — на аўтамабілі, цягніком ці самалётам. Пра гэта на Мінскім форуме паведаміў намеснік старшыні фонду "Дырэкцыя ІІ Еўрапейскіх гульняў 2019 года" Анатоль Котаў, перадае Радыё "Свабода".
Па словах Котава, Беларусь увядзе бязвізавы рэжым на месяц: 11 дзён спаборніцтваў, 10 дзён перад імі і 10 дзён пасля іх. "Мы запрашаем усю прэсу без нейкіх абмежаванняў і квотаў. Мы хочам, каб Беларусь па-новаму загучала на міжнародным парадку дня", — заявіў ён.
Беларусь плануе трансляцыю Еўрапейскіх гульняў на 160 краін свету. Дарэчы, першыя Еўрагульні, якія прайшлі ў Азербайджане, трансляваліся на 140 краінаў.
Чакаецца, што ў Мінск прыедзе каля чатырох тысяч спартоўцаў з усіх краін Еўропы. Яны будуць удзельнічаць у спаборніцтвах па 15 відах спорту ў 23 дысцыплінах. Большая частка будзе мець статус кваліфікацыйных спаборніцтваў да Алімпіяды 2020 года ў Токія. Акрамя таго, у рамках Еўрагульняў у Беларусі пройдуць чатыры чэмпіянаты Еўропы.