На фестывалі “Даём Рады” Akute прэзентуюць новую песню

На фестывалі “Даём рады”, які пройдзе 13 лютага ў мінскім клубе Re:Public, магілёўскі гурт Akute прэзентуе новую песню з працоўнай назвай “Усё павернецца”.

“Песня пра жыццёвую спіраль, пра спіраль часу, — распавядае басіст гурта і аўтар тэкстаў Раман Жыгараў. — Песня пра тое, што мы ўсё адно пераможам і наша возьме! Я сапраўды лічу, што ўсё тое, пра што мараць сучасныя беларусы, гэта як аксіёма, і, насамрэч, усё будзе па-нашаму, бо па-іншаму проста быць не можа! А выкананая яна ў звычайнай змрочнай “акутаўскай” манеры”.

Цяпер магілёўскі гурт разбірае новы матэрыял. Па словах Рамана, ужо вымалёўваюцца аранжыроўкі трох-чатырох новых трэкаў і можна смела казаць, што чакаць эксперыментаў з гучаннем пакуль ад музыкаў не варта. У бліжэйшых планах Akute — падрыхтаваць які-небудзь рэліз, але якога ён будзе фармату, пакуль не вызначана. Нагадаем, апошні на сёння альбом гурта “Reaĺnaść i sny” выйшаў у красавіку 2014 года.

Фестываль “Даём рады”, на якім Еўрарадыё традыцыйна падвядзе музычныя вынікі мінулага года, выступяць гурты Trubetskoy, Akute, “Разбітае сэрца пацана”, “Мутнаевока” і Haina. Пакуль квіткі каштуюць 210 тысяч — танцпляц, 270 — столік. Але пачынаючы з 6 лютага кошты вырастуць на 40 тысяч (пад сцэнай — 250 тысяч, месца за столікам — 310 тысяч). А ў дзень канцэрта квіткі будуць каштаваць ужо 280 тысяч і 350 тысяч адпаведна.

Набыць квіткі можна ў падземным пераходзе на плошчы Якуба Коласа, клубе "Графіці", касе клуба Re:Public, а таксама праз білетных аператараў Kvitki.by, Ticketpro і сайт клуба Re:Public (пры пакупцы праз інтэрнэт білетныя аператары бяруць дадатковую камісію ў 10-15 тысяч).

Даведка: +375 29 6490888

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі