Хадзем са мной на шопінг. Навошта беларусы пачалі звяртацца да стылістаў?
Ганна Прышывалка
За апошнія тры гады персанальны і фэшн-стыліст Ганна Прышывалка пажыла ў трох сталіцах. Разам з мужам, музыкам гурта "Разбітае сэрца пацана" Дзянісам Тарасенкам, і сынам яна пераехала з Мінска ў Кіеў, а з Кіева з пачаткам вайны давялося з'ехаць у Варшаву.
Цяпер Ганна дапамагае беларусам і беларускам разбіраць свае гардэробы, выкідаць непатрэбнае — і знаходзіць "тое самае". Пара крызісная, ні часу, ні грошай на бяздумны і бязлітасны шопінг няма. Таму мы папрасілі Ганну, каб яна дала парады, як сабраць базавы гардэроб — і супакоіцца.
Чорныя класічныя штаны лепш, чым зялёныя ў чырвоную палосачку
— З чаго пачаць?
— З разбору наяўнага гардэроба. А яшчэ раней — з разбору сваіх відаў дзейнасці. Мы з кліентамі пачынаем са складання дыяграмы, на якой будуць пералічаныя яны ўсе. Чым вы займаецеся? Ходзіце на працу, на прагулянку, на вечарынкі, ездзіце ў падарожжа... колькі часу займае ў вашым жыцці кожны з гэтых відаў дзейнасці? Вызначылі? Такі ж працэнт рэчаў у вашым гардэробе павінны займаць і рэчы для кожнага з іх.
На працу вы носіце нешта адно, на прагулку — другое, у падарожжа — трэцяе. І вам патрэбныя капсулы — наборы адзення — на ўсе выпадкі жыцця.
Напрыклад, сярод маіх кліентак была дзяўчына-тусоўшчыца, у якой паўшафы было занята сукенкамі ў стразы. Але потым яна нарадзіла дзіця — і аказалася, што гардэроб трэба адаптаваць пад новы лад жыцця. Ці наадварот: мама выходзіць з дэкрэта і разумее, што ў яе шафе занадта шмат трэнікаў! Так што пачынаеце з таго, што адчыняеце шафу і глядзіце, наколькі рэчы ў ёй адпавядаюць вашаму ладу жыцця.
А потым вы фармуеце капсульны базавы гардэроб. Гэта неабавязкова, але палягчае жыццё. У вас дакладна не будзе сітуацыі, калі няма чаго надзець. Дастаткова, каб у ім было 10 рэчаў: штаны, джынсы, спадніца, футболка, кашуля, швэдар, адна сукенка, дзве пары абутку і паліто. І гэта павінны быць максімальна простыя, зручныя рэчы ў простай каляровай палітры — чорны, белы, шэры, у некага — сіні і карычневы. Гэта падмурак.
Калі ў вас ёсць класныя чорныя класічныя штаны — з імі можна гуляць. А калі яны зялёныя ў чырвоную палосачку? Складаней!
— А калі мне шкада выкідаць мае зялёныя штаны ў чырвоную палосачку?
— Я тактоўны стыліст, але кліент павінен быць гатовы да таго, што яму параяць выкінуць наогул увесь гардэроб.
Працу з кліентам я звычайна пачынаю з сазвону. Гэта дапамагае разабрацца з гардэробам, які ў чалавека ўжо ёсць. Калі чалавек жыве ў Варшаве, прыходжу да яго дадому, калі не — скантактоўваемся праз відэасувязь. І ў працэсе такога разбору гардэроба вы расчышчаеце прастору і вызваляеце месца для чагосьці новага. Часта прафесійны погляд з боку дазваляе па-іншаму зірнуць на сябе.
Я люблю забаўляцца з архетыпамі. Кажу: глядзі, ты падобная па тыпажы да той ці той селебрыці, у цябе гэткі архетып! І чалавек таксама пачынае па-іншаму глядзець на сябе і свой гардэроб.
Пасля разбору гардэроба ў вас у шафе ўсё сістэматызуецца, і справа не заўсёды нават даходзіць да шопінгу. Бачыш, што і без дадатковых пакупак ёсць 20 лукаў, і ты дарэмна ходзіш у адных джынсах і футболцы — на самай справе табе ёсць што надзець! Проста трэба было, каб да цябе ў госці прыйшлі і ўсё сістэматызавалі.
А калі трэба пайсці на шопінг, папярэдне мы з кліентам складаем шопінг-ліст. Я яшчэ самастойна стараюся рабіць перадшопінг, і тады паход па крамах становіцца больш асэнсаваным.
Але бываюць і непрыемныя сітуацыі. З адной кліенткай мы хадзілі па крамах 4 гадзіны — і нічога не купілі. Гэта рэдкі выпадак, але прычыны аб'ектыўныя: не падышло, не падабаецца, дорага... Я сябе адчуваю вельмі кепска ў такіх выпадках.
Колькі каштуе асэнсаваны шопінг?
— У які момант людзі вырашаюць, што гатовыя выдаткаваць час і рэсурсы на такі асэнсаваны падыход да гардэроба?
— Надыходзіць момант, калі ў чалавека з'яўляюцца сілы і рэсурс на перамены, на тое, каб папрацаваць над сабой. У моманты глыбокай дэпрэсіі гэта здараецца рэдка. Часта да мяне звяртаюцца мамы, якія выходзяць з дэкрэтнага адпачынку. Ты раптам разумееш, што адстала, што табе патрэбна дапамога з тым, каб выйсці ў свет абноўленай. Часам гэта звязана з новай працай і зменай ладу жыцця.
А яшчэ звяртанне да стыліста звязанае з неабходнасцю аптымізаваць час. Як мы дэлегуем вядзенне бухгалтэрыі, так і разбор гардэроба перадаем прафесіяналам і эканомім рэсурс увагі.
— З якім бюджэтам можна падыходзіць да асэнсаванага шопінга?
— Пасля пераезду мне было складана ставіць цэннік на свае паслугі. Колькі здольныя заплаціць людзі ў сітуацыі эміграцыі? Ці пацягнуць яны ранейшы цэннік? Пакуль за разбор гардэроба і складанне лукбука я бяру каля 100 долараў, за кожную гадзіну суправаджэння падчас шопінгу — яшчэ 20 долараў.
З маімі кліентамі мы рэдка ходзім у крамы прэміум-класа, часцей гэта шопінг у мас-маркеце. У сярэднім адна рэч там каштуе 25-50 долараў. І звычайна мы купляем 4-5 рэчаў. Разам трэба каля 200 долараў.
— Вы жылі ў трох сталіцах. Чым адрозніваецца моднае жыццё ў гэтых гарадах?
— Украінкі вельмі модныя, яны любяць яркасць і сэксуальнасць. Полькі — ды і еўрапейцы наогул — апранаюцца больш стрымана. Чым далей у Еўропу — тым менш людзі тлумяць сабе галаву модай. Беларускі тлумяць сабе галаву, але іх стылю ўласцівая інтэлігентнасць і стрыманасць. Нават калі адзенне будзе недарагое, нават калі гэта будуць не трэнды, гэта заўсёды будзе гарманічна па колерах і стылю.
У Мінску для многіх пытанне адзення было даволі дарагім і складаным. І нават мас-маркет, які з'явіўся апошнімі гадамі, гэтую праблему вырашаў не заўсёды, кажа Ганна.
Але ў працы з модай у Мінску было і шмат плюсаў. Калі я працавала ў Беларусі як стыліст, то адкрыла для сябе шмат лакальных дызайнераў. Гэта не было танна — але гэта было цікава. На 2018-2019 гады, мне здаецца, прыйшоўся пік цікавасці да лакальных брэндаў. І мне гэта падабалася: я любіла прыйсці з кліентамі ў Мінску ў шоурумы, дзе можна было многае памераць, а нешта і падагнаць на месцы.
Калі пераехала ў Кіеў, у вочы адразу кінулася, што мас-маркет там нашмат больш даступны. А колькасць і ўзровень лакальных дызайнераў — проста фантастычны. Я плавала там, як рыба ў вадзе. Кіеў — вельмі модны горад, да вайны там было мноства шоурумаў, крамачак, бясконцыя фэшн-мерапрыемствы…
У Варшаве мас-маркет прадстаўлены ну вельмі шырока — і вельмі даступны. Асабліва калі ты перакладаеш кошты ў беларускія рублі ў перыяд летніх і калядных распродажаў.
Але вось з лакальным брэндынгам тут усё крыху сумней, чым у Мінску і Кіеве. А можа, я яго проста яшчэ не адчула? Але мой досвед паказвае, што чым далей на захад, тым менш людзі тлумяць сабе галаву, тым прасцей ставяцца да шопінгу.
Першыя крокі да свядомага гардэроба
Колер. Ганна кажа, што базавых колераў у вашым гардэробе павінна быць не больш за пяць-сем, і яны павінны спалучацца паміж сабой — і з іншымі акцэнтнымі або дадатковымі колерамі ў вашым гардэробе. А яшчэ вашы базавыя колеры павінны падыходзіць вам па колератыпе.
Падрабязней — у відэаўроку.
Формулы. А яшчэ Ганна раіць прыслухоўвацца да стылістычных формулаў. Напрыклад, першая стылістычная формула: аб'ёмны верх спалучаецца з вузкім нізам. Па гэтай формуле аб'ёмныя пінжакі, футболкі, кроп-пінжакі спалучаюцца з джынсамі "скіні", міні-спадніцамі, легінсамі. Ідэальная формула для доўгіх спрытных ног.
"Стылістычныя формулы вельмі падобныя да матэматычных, дзе вы падстаўляеце замест зададзеных невядомых X + Y тыя рэчы, якія ўжо існуюць у вашым гардэробе, і атрымліваеце на сто працэнтаў рабочы і модны камплект!" — кажа стыліст. Але папярэджвае: стылістыка — гэта не матэматыка, могуць быць памылкі. І гэта не страшна.
Падрабязней — у відэаўроку.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.