На філалагічны ў БДПУ на платнае ўзялі ўсіх... і недабралі 14 чалавек

Лёгка трапіць на платнае будучым настаўнікам рускай і беларускай мовы сёлета можна было ў БДПУ імя Максіма Танка. Залічвалі ўсіх, хто падаў дакументы і ўсё адно недабралі 14 чалавек.


Таксама ўсіх жадаючых узялі на факультэт эстэтычнай адукацыі ў гэтай ВНУ. Навучанне ў БДПУ пасля падаражання абыдзецца першакурснікам у 15-17 мільёнаў на год.


"Цалкам закрылі інжынерныя спецыяльнасці, але недабралі на эканамічныя. І балы ў гэтым годзе ў платнікаў вышэйшыя, чым у мінулым", — радуюцца ў прыёмнай камісіі аграрна-тэхнічнага ўніверсітэта.


Нягледзячы на дадатковы набор, у гэтай ВНУ 20 студэнтаў-платнікаў не хапіла, каб закрыць усе месцы. Будучыя мэнаджары ў аграрна-тэхнічны маглі паступіць са 107 баламі з 400 магчымых, а метролагі набраць 88 і прайсці на платнае. Але летась было яшчэ горш.


Паўсотні чалавек на платным недалічваецца Нацыянальны тэхнічны ўніверсітэт. Для аб'ёмаў гэтага ВНУ такая колькасць — гэта няшмат.


"Практычна ўсіх набралі. Прахадныя балы амаль такія ж як і цяпер, нічога асабліва не змянілася", — ацэньваюць у прыёмнай камісіі.


Прахадныя балы невысокія: ад 107 на машынабудаўніцтве да 238 на архітэктурным дызайне. А навучанне каштуе ад 19 да 20 мільёнаў за першы год.


Медыцынскі ўніверсітэт у Мінску набраў усіх студэнтаў-платнікаў. Прытым, што тут адукацыя адна з самых дарагіх — да 23 мільёнаў за першы год навучання.


Найменш пашчасціла прыватным ВНУ. Інстытут парламентарызму і прадпрымальніцтва, напрыклад, не будзе сёлета вучыць першакурснікаў на дзённым, толькі на завочцы.


"Мы набралі зусім мала першакурнсікаў і вырашылі распусціць, бо нерэнтабельна. А на завочным групы добрыя набралі", — паведамляюць ва ўніверсітэце. І запэўніваюць, што закрывацца пакуль не плануюць. 


Год навучання на завочным будзе каштаваць першакурсніку 6,7 мільёна.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі