На Гарадзеншчыне яйкі фарбавалі ў чорны, а на Брэстчыне распісвалі воскам
Напярэдадні Вялікадня традыцыйна фарбуюць курыныя яйкі. Разам з этнографамі прыгадваем, як гэта рабілі ў даўніну і якія метады для гэтага выкарыстоўвалі.
На Гарадзеншчыне яйкі фарбавалі ў чорны колер. Для гэтага выкарыстоўваліся воск і нават іржавае жалеза.
“Яйка распісвалі воскам, апускалі ў раствор з травы, жалезак, каб адбылася хімічная рэакцыя. У гэтым растворы яйкі трымалі доўгі час. Пасля іх даставалі і здымалі воск, атрымліваўся ўзор”, — расказвае Насця Галушка, сябра Студэнцкага этнаграфічнага таварыства.
Адзін з рэцэптаў такой афарбоўкі: на яйка воскам наносяць узор. Пасля яго кладуць у раствор наступнага зместу: іржавае жалеза, маладая вольха і дуб, якія заліваюцца расолам на 10-14 дзён.
На Берасцейшчыне яйкі распісвалі воскам.
“Спачатку яйка варанае распісваецца воскам, пасля апускаецца ў шалупінне цыбулі. Так пасля зняцця воску застаюцца ўзоры. Ёсць яйкі, якія называюцца “крапанкі”. Тады воск на яйка проста капаюць, калі гэта рабіць у некалькі этапаў, то гэтыя кроплі будуць розных колераў”, — дадае Насця Галушка.
Распісныя яйкі таксама трапляліся на памежных з Украінай тэрыторыях, іх распісвалі пераважна пэндзлем. Характэрна, што ў вёсках і мястэчках, дзе быў вялікі прыход, яйкі проста фарбавалі шалупіннем цыбулі. А ў месцах, дзе была развітая ткацкая традыцыя і традыцыя пчалярства, на яйкі наносілі складаныя ўзоры.
“Яйкі распісвалі там, дзе былі родавыя знакі. Гэты арнамент у два слаі не нанясеш без воску, там была развітая традыцыя пчалярства. На Гомельшчыне гэты арнамент быў раслінны”, — расказвае фалькларыст Янка Крук.
Велікодныя гульні
Самай распаўсюджанай была гульня ў біткі. Калі ўжо пафарбаванымі яйкамі біліся, а пераможца забіраў сабе пабітае яйка. Тут не абыходзілася без махлярства. Асаблівыя ўмельцы выпівалі яйка і залівалі туды свінец. Такім чынам, сабе маглі назбіраць поўны кошык яек. Гэтая традыцыя была распаўсюджаная паўсюль.
Быў і іншы спосаб выйграць яйкі.
“Рабілі жалабкі з дрэва, яйкі скатваліся з дошчачак, і чыё яйка далей пакацілася, той і выйграваў”, — дадае Насця Глушко.
Распіснымі яйкамі з родавым арнаментам нельга было гуляць у “біткі” Але катаць іх можна было.