На Гомельшчыне затрымалі інтэрнацыянальную групу наркагандляроў (фота)
Пяць чалавек збывалі спайсы.
У Гомельскай вобласці затрыманая інтэрнацыянальная група гандляроў спайсамі. Пяцёра зламыснікаў з’яўляюцца грамадзянамі Беларусі, Украіны і Расіі. Спачатку на гомельскім аўтавакзале быў арыштаваны 22-гадовы расіянін, які прыбыў у горад з Мінска. Ён меў пры сабе каля кілаграма парашковага рэчыва. На здымнай кватэры расіяніна знайшлі яшчэ 200 грамаў сумесі, а таксама 2 тысячы фасовачных пакетаў, электраплітку, магніты, рэспіратар і складнікі для вырабу спайсаў.
Паводле папярэдняй інфармацыі, хлопец — жыхар Масквы, які займаўся буйным збытам наркотыкаў у рэгіёне. У Беларусі ён не меў рэгістрацыі і часта мяняў месца жыхарства. Наркотыкі ён прадаваў праз інтэрнэт і праз сеціва атрымліваў з іх грошы. Дастаўка наркотыкаў рабілася праз закладкі.
Далей праваахоўнікі пашлі расшукваць гэтыя закладкі і падчас гэтай аперацыі затрымалі 29-гадовую грамадзянку Украіны, жыхарку Адэсы, а таксама траіх беларусаў — 17-гадовага гомельскага ліцэіста і дваіх 20-гадовых непрацуючых мазыран. Яны былі дробнымі дылерамі і распаўсюджвалі спайсы сярод сваіх кліентаў.
Распачатая крымінальная справа, вядзецца расследаванне, паведамляе сайт Гомельскай абласной міліцыі.