На Гродзеншчыне выявілі новы для Беларусі від жывёлаў — шакалаў
Новы для Беларусі від жывёл выявілі ў Бераставіцкім раёне Гродзенскай вобласці — гэта шакалы. Такая знаходка была выпадковай: адна з жывёл трапіла пад аўтамабіль і загінула. На месца здарэння выехаў інжынер-паляўніцтвазнавец Ваўкавыскага лясгасу Анатоль Пронін. Ён распавёў БЕЛТА, што загінулая жывёл не была падобнай ні да ваўка, ні да сабакі, а болей за ўсё нагадвала менавіта шакала.
Спецыяліст сказаў, што раней служыў у Сярэдняй Азіі, таму добра ведае гэтых жывёл. Ён захаваў галаву шакала, збітага машынай і адправіў у Акадэмію навук на экспертызу. Загінулая жывёла — маладая самка. Пасля здарэння сам Пронін бачыў самца-шакала, а мясцовыя жыхары распавядалі, што раней заўважалі самку з вывадкам маладых шчанюкоў. Менавіта са з’яўленнем шакалаў звязваюць некаторыя напады на хатніх жывёл, у тым ліку авечак.
Інжынер-паляўніцтвазнавец падкрэслівае, што шакалы могуць быць небяспечнымі для чалавека толькі ў тым выпадку, калі захварэюць на шаленства.