На Кастрычніцкай плошчы ў Мінску з'явіцца скульптура жанчыны са сцягам і дзіцем
Дырэктар Інстытута гісторыі НАН Вадзім Лакіза з сумам глядзіць на эскізны праект, восень 2022-га / t.me/minkultrb
На Кастрычніцкай плошчы Мінска плануецца ўсталяваць "маштабны манумент" пад працоўнай назвай "Беларусь — адзіная". Пра гэта 16 траўня на пасяджэнні "Рэспубліканскага савета па гістарычнай палітыцы" паведаміў міністр культуры Анатоль Маркевіч. Паводле яго слоў, над стварэннем скульптурнай кампазіцыі працуе аўтарскі калектыў пад кіраўніцтвам Канстанціна Касцючэнкі (ён вядомы кампазіцыяй "Брама памяці" ў мемарыяльным комплексе "Трасцянец"). У цэнтры кампазіцыі плануецца размясціць фігуру жанчыны, якая ўвасабляе Беларусь, са сцягам у адной у руцэ і дзіцем — у другой. Барэльефы на пастаменце будуць прысвечаны розным перыядам беларускай гісторыі. Вакол цэнтральнай фігуры збіраюцца паставіць сімвалічныя выявы абласцей.
Маркевіч кажа, што праект, яго назва і нават назва цэнтральнай фігуры "яшчэ прапрацоўваюцца".
Ідэю ўстаноўкі помніка ў лютым 2021-га на Усебеларускім народным сходзе агучыў Аляксандр Лукашэнка. Аднак праект па-ранейшаму прасоўваецца пакутліва. Мінкульт яшчэ ў 2021-м праводзіў конкурсы на "помнік народнаму адзінству", але пераможцу ніяк не мог выбраць. У грамадстве пасля падзей 2020-га і штучнае дзяржаўнае свята, і прапагандысцкія праекты ўспрымаюцца неадназначна.
Восенню 2022-га ў Мінкульце паказалі эскізныя праекты памятнага знака, прысвечанага "адзінству беларускага народа". Сярод іх быў і той, які ў выніку быў абраны.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.