На Харкаўшчыне пасля адступлення расіян знайшлі закатаваных мірных жыхароў
На Харкаўшчыне пасля адступлення расіян знайшлі закатаваных мірных жыхароў. Пра выпадак у вёсцы Залізнічнае і распачатае дасудовае расследаванне ("па факце парушэння законаў і звычаяў вайны, спалучанага з наўмысным забойствам") паведамляе Офіс генпракурора Украіны.
Там знойдзены 4 целы мірных жыхароў са слядамі катаванняў. Да ўкраінскіх праваахоўнікаў звярнуліся вяскоўцы, якія расказалі пра падзеі падчас расійскай акупацыі. Тры чалавекі былі закапаныя недалёка ад жылых дамоў, адзін — на тэрыторыі асфальтнага завода. Сведкі кажуць, што людзей забілі расійскія акупанты. Офіс генпракурора Украіны адзначае, што гэта "папярэдняя версія следства", якая правяраецца. Будуць праведзены судова-медыцынскія экспертызы.
Гэта не адзінкавы выпадак. У вызваленай украінскімі вайскоўцамі вёсцы Гракава на Харкаўшчыне паліцыя эксгумавала целы двух мужчын, забітых падчас расійскай акупацыі.
Расійская акупацыя ў некаторых раёнах Харкаўскай вобласці працягвалася паўгода.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.