На кіраўнікоў 1-й Мінскай птушкафабрыкі пачалі чатыры крымінальныя справы
Пракуратура Мінскай вобласці правяла праверку ААТ "1-я Мінская птушкафабрыка". Як паведаміла агенцтву БелаПАН старшы памочнік пракурора вобласці Ларыса Пархімовіч, праверка выявіла на фабрыцы шэраг парушэнняў. На службовых асобаў фабрыкі пракуратура пачала чатыры крымінальныя справы за крадзеж маёмасці арганізацыі праз злоўжыванне службовымі паўнамоцтвамі.
Так, адзін з намеснікаў гендырэктара разам са службовай асобай, адказнай за тэхнічнае абсталяванне вытворчасці, з лістапада 2014-га па сакавік 2015 года неаднаразова набывалі за кошт птушкафабрыкі дарагія інструменты для сваіх уласных патрэбаў. Агульная сума шкоды ацэньваецца больш як на 50 мільёнаў рублёў.
Таксама пракуратура выявіла, што праз кепскую працу кадравай службы прадпрыемства дзяржаўныя службовыя асобы, насуперак патрабаванням закона, акрамя птушкафабрыкі працавалі ў іншых арганізацыях. А некаторыя з іх адначасова з'яўляліся і індывідуальнымі прадпрымальнікамі.
Праверка выявіла, што дзяржаўныя службовыя асобы выкарыстоўваюць службовы аўтатранспарт у асабістых мэтах.
Таксама былі выпадкі, калі работнік не знаходзіўся на працы, а заробак яму налічваўся. У прыватнасці, начальнік юрыдычнага аддзела два дні ў красавіку знаходзіўся за межамі Беларусі. Але гэтыя дні яму ўлічылі як парцоўныя і налічылі заробак 561 тысячу рублёў.
Таксама службовыя асобы не кампенсавалі страты, нанесеныя прадпрыемству пры выкананні працоўных абавязкаў. Напрыклад, Мінская рэгіянальная мытня аштрафавала птушкафабрыку больш як на 15 мільёнаў рублёў. Але гэтая сума не была спагнаная з вінаватых работнікаў.
Фота: kp.by