На месцы дома апошняй гомельскай княгіні збудуюць 12-павярховік

Былы дом княгіні Ірыны Паскевіч паводле рашэння Мінкульта пойдзе пад знос, як і яшчэ некалькі дамоў па вуліцы Валатаўской у цэнтры Гомеля. Паводле легенды ў менавіта ў 17 доме па гэтай вуліцы княгіня дажывала свае апошнія дні.

Дамы не ўключылі ў спіс гісторыка-культурных каштоўнасцяў як раз перад пачаткам будаўніцтва шматпавярховіка на гэтым месцы.

“Цікавыя элементы дэкору будуць перададзеныя музею. А па Валатаўской больш гэтых дамоў не будзе, яны не прызнаныя помнікамі архітэктуры. Там быў праблемны 17-ы дом, але на яго месцы ўжо арганізацыя збіраецца будаваць шматпавярховік”, — распавядаюць Еўрарадыё ў Гомельскім гарвыканкаме. 

Пры гэтым Мінкульт прызнаў помнікамі архітэктуры чатыры дамы па вуліцы Парыжскай Камуны. А яны таго ж узору забудовы! Што праўда, на іх месцы будоўля пакуль не плануецца.

У кампаніі “Электрапрам”, якая збіраецца паставіць на месцы драўлянага дому 12-павярховік, пра гістарычную забудову не чулі:

“Там адзін дом будуецца, 8, 10 і 12 паверхаў, ён прыступкамі будзе. Там ужо зараз ідзе будоўля, жыллё будзе каштаваць 1450 долараў за квадратны метр на сёння”, — агучвае кошты забудоўшчык. 

Гістарычныя драўляныя дамы гомельскія гісторыкі спрабавалі абараніць два з паловай гады. Іх падалі на спіс архітэктурных помнікаў яшчэ тады, калі пра будоўлю на Валатаўской не гаварылі.

“Я падаваў у гарвыканкам спіс дамоў, якія варта захоўваць, гэта драўляная архітэктура Гомеля. Але справа зацягнулася. Дамы год даследавалі, за гэты час дзясятак хатаў былі знесеныя. Пасля думалі, што рабіць з астатнімі. У выніку справу зацягнулі да таго, што, калі гэта разглядалася, там, на Валатаўской ужо пачыналася будаўніцтва”, — распавядае гомельскі гісторык і мастацтвазнаўца Яўген Малікаў.

Ён тлумачыць, у чым вартасць старых драўляных дамоў у Гомелі.

“Гэтыя дамы з тыповай гомельскай разьбой канца ХІХ — пачатку ХХ стагоддзя. Гомель згубіць цудоўныя прыклады сваёй старой архітэктуры, а ў нас з гэтым і так кепска, мала помнікаў. Кожны дом, які з таго часу захаваўся, — унікальны. Такога кшталту дамоў засталося з дзясятак. Тым больш, яны знаходзяцца ў цэнтры горада”, — працягвае Яўген Малікаў.

Паводле слоў гісторыка, для ўтрымання старых дамоў па Валатаўской ужо нават знайшліся інвестары. Але чыноўнікі на гэта не звярнулі ўвагі.

На першым фота - Дом 17 па вуліцы Валатаўской (па легендзе дом, у якім княгіня Ірына Паскевіч жыла апошнія гады).

Фота: gp.by , svaboda.org

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі