На "Мінск-Арэну" з верталёта дэсантаваліся ратавальнікі
Прыкладна а 6-й раніцы 27 жніўня ў раёне “Мінск-Арэны” з’явіліся два верталёты: цягам 10-15 хвілін яны лёталі вакол спартыўнага комплексу. Адзін з верталётаў завіс над “Мінск-Арэнай”, а пазней па тросах на дах спарткомплексу з яго спусціліся некалькі чалавек.
Прэс-сакратар МНС Віталь Навіцкі паведаміў Еўрарадыё, што верталёты належаць яго ведамству. Па словах спецыяліста, ніякай надзвычайнай сітуацыі не адбылося — ратавальнікі адпрацоўвалі тактыка-спецыяльныя заняткі па дэсантаванні.
Чаму ж заняткі праходзілі а 6-й раніцы? У гэты час шмат хто яшчэ спіць, а шум ад верталётаў мог іх разбудзіць.
“Заняткі праводзім у розны час сутак. Бывае, праводзім і ноччу тактыка-спецыяльныя заняткі, бо адпрацоўваць дзеянні экіпажа трэба пры розных умовах надвор’я і ў розны час сутак”, — кажа Віталь Навіцкі.