На мяжы Грэцыі і Македоніі заблакавалі тысячы ўцекачоў

На мяжы Грэцыі і Македоніі заблакавалі тысячы ўцекачоў

На грэка-македонскай мяжы заблакаваныя каля 80 аўтобусаў з мігрантамі, большасць з якіх жанчыны і дзеці, паведамляюць інфармацыйныя агенцтвы.

Транспарт спынілі пратэстуючыя жыхары абедзвюх краін. У Македоніі пад’езды да вакзалаў і чыгуначныя пуці перакрылі мясцовыя таксісты. Яны патрабуюць ад уладаў дазволіць ім перавозіць бежанцаў у суседнюю Сербію. Бо для гэтага выкарыстоўваюцца толькі аўтобусы і цягнікі.

Заторы ўзніклі і на грэчаскім баку. Мясцовыя фермеры перакрылі дарогу трактарамі на знак пратэсту супраць пенсійнай рэформы.

Супрацоўніца вярхоўнага камісарыята ААН па справах бежанцаў Астрыд Каштэляйн, якая знаходзіцца на памежнай тэрыторыі, кажа, што ў гэтай сітуацыі могуць быць небяспечныя наступствы:

“Рызыка ў тым, што ўцекачы могуць паспрабаваць скарыстацца іншымі шляхамі, калі дазволеныя да гэтага часу акажуцца заблакаванымі. Яны могуць трапіць у рукі кантрабандыстаў, а гэта вельмі небяспечна”, — цытуе словы супрацоўніцы Euronews.

На мяжы Грэцыі і Македоніі заблакавалі тысячы ўцекачоў
Сірыйскае дзіця, якое толькі што прыбыло ў Грэцыю. Фота: Reuters/Giorgos Moutafis

Нагадаем, у канцы студзеня Еўрапол паведаміў, што больш за 10 тысяч няпоўнагадовых мігрантаў, якія прыбылі ў Еўропу без суправаджэння дарослых, зніклі без вестак за апошнія 2 гады. Спецыялісты мяркуюць, што многія маглі трапіць у арганізаваныя крымінальныя групы, якія выкарыстоўваюць непаўналетніх у якасці сэксуальных рабоў або для злачынстваў.

Паводле дадзеных Міжнароднай арганізацыі па міграцыі, з 2016 года ў Грэцыю ўжо прыбыло больш за 62 тысячы сірыйскіх бежанцаў. Еўракамісія дала Грэцыі тры месяцы на выпраўленне сітуацыі з плынню ўцекачоў, якая нарастае.

На мяжы Грэцыі і Македоніі заблакавалі тысячы ўцекачоў
Уцекачы перад уваходам у цэнтр рэгістрацыі на востраве Лесбас. Фота: dpa

Тым часам на грэчаскім востраве Лесбас было аб’яўлена пра будаўніцтва яшчэ двух цэнтраў па рэгістрацыі і прыёме мігрантаў. Мясцовая інфраструктура не спраўляецца з наплывам нелегалаў, якія пераправіліся сюды на чаўнах з турэцкага берага. У цэнтрах рэгістрацыі мігранты будуць атрымліваць дакументы, якія дазваляюць ім рухацца далей па тэрыторыі Грэцыі, а затым у краіны Паўночнай Еўропы, перш за ўсё ў Германію і Швецыю.

Дырэктар лагера бежанцаў Анці Карагелі кажа, што пасля будаўніцтва цэнтраў прапускная здольнасць павялічыцца:

“У гэтым новым цэнтры рэгістрацыі кожны кантэйнер будзе абсталяваны ўсім неабходным для штодзённай рэгістрацыі ад тысячы да тысячы ста чалавек”.

Мінулым летам на рэгістрацыю мігрантаў на Лесбасе было патрэбна прыкладна пяць дзён. Цяпер улады абяцаюць выконваць усе неабходныя працэдуры ў дзень прыбыцця, паведамляе Euronews.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі