На "Нафтане" пракаментавалі ўчорашні пажар
На "Нафтане" ў аўторак загарэлася ўстаноўка запаволенага каксавання / vitebsk.mchs.gov.by
Падчас учорашняга пажару на "Нафтане" ніхто не пацярпеў, паведамілі на прадпрыемстве. Жыццю і здароўю жыхароў горада наступствы пажару таксама не пагражаюць.
Узгаранне адбылося "пры правядзенні пусканаладачных работ на ўстаноўцы запаволенага каксавання", расказалі на прадпрыемстве. Падчас выканання гэтых работ "адбыўся выхад дызельнага паліва з наступным яго загараннем".
У МНС расказалі, што на ліквідацыі пажару былі задзейнічаныя 17 адзінак тэхнікі і 59 чалавек асабовага складу. Частка займалася астуджэннем трубаправодаў міжцэхавых камунікацый і стварэннем пеннай падушкі, частка — абаронай наяўных трубаправодаў. У 22:14 узгаранне было ліквідаванае.
Цяпер спецыялісты разбіраюцца, што стала прычынай няштатнай сітуацыі. Чакаюцца таксама аднаўленчыя работы.
"Усе астатнія тэхналагічныя ўстаноўкі прадпрыемства працягваюць працу ў штатным рэжыме", — падкрэслілі на прадпрыемстве. Дамоўныя абавязанні таксама выконваюцца па плане.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.