На Пастаўшчыне на пажары загінула 9-гадовая дзяўчынка-інвалід (фота)
Трагічны выпадак здарыўся 14 жніўня ў вёсцы Шурпікі Пастаўскага раёна: у пажары загінулі дзевяцігадовая дзяўчынка і знаёмы яе бацькі.
Як інфармуе прэс-служба Віцебскага абласнога ўпраўлення МНС, паведамленне пра пажар у жылым доме пастаўскія ратавальнікі атрымалі ў 15.15. На месцы выкліку яны пабачылі, што дом гарыць адкрытым полымем, дах у ім часткова абваліўся.
У доме пражываў 39-гадовы гаспадар, які з'яўляўся сацыяльным работнікам па доглядза за сваёй дачкой, інвалідам 3-й групы. Бабуля дзяўчынкі памерла 4 жніўня.
Паведамляецца, што напярэдадні, у суботу, да бацькі дзяўчынкі прыйшоў знаёмы і яны разам выпівалі, а потым прылеглі адпачыць. Пажар заўважылі будаўнікі з суседняга дома. Яны выклікалі ратавальнікаў, а самі выламалі ўваходныя дзверы і выцягнулі на вуліцу гаспадара, які ляжаў каля дзвярэй. Зайсці ў дом яшчэ раз будаўнікам перашкодзіла моцнае задымленне і агонь.
Ратавальнікі выявілі на кухні цела дачкі гаспадара, а ў калідоры — 45-гадовага госця.
Прычына пажару высвятляецца. Мяркуецца, што пажар мог узнікнуць ад неасцярожнасці пры паленні або ад парушэння правілаў эксплуатацыі электрасетак і электраабсталявання.