На пажары ў шматкватэрным доме ў Віцебску выратавалі мужчыну
Віцебскія ратавальнікі каля 10-й гадзіны вечара 3 красавіка атрымалі паведамленне пра пажар ў доме №5 па вуліцы Савецкай.
Як паведамляе прэс-служба Віцебскага абласнога ўпраўлення МНС, на месцы здарэння ратавальнікі пабачылі адкрыты агонь у кватэры на другім паверсе 3-павярховага жылога шматкватэрнага дома. У пад'ездзе было моцнае задымленне.
У тамбуры каля палаючай кватэры ратавальнікі выявілі гаспадара. Яго вынеслі з задымленага памяшкання і перадалі медыкам. Мужчыну шпіталізавалі з папярэднім дыягназам атручванне прадуктамі гарэння.
З трэцяга паверха дома былі эвакуяваныя 10 чалавек. Пры здарэнні ніхто з іх не пацярпеў.
У самой кватэры агонь пашкодзіў маёмасць на кухні, таксама закураныя сцены, столь.
Мяркуецца, што прычынай магло стаць парушэнне правілаў эксплуатацыі газавых прыладаў і агрэгатаў.