На перавозку беспрацоўных Аршанскі раён выдаткуе больш за 18 000 долараў
Упраўленне па працы, занятасцi i сацыяльнай абароне Аршанскага райвыканкама абвясціла тэндар на аўтаперавозкі для дастаўкі беспрацоўных да месцаў аплатных грамадскіх работ. Як вядома, беспрацоўныя, якія стаяць на ўліку на біржы працы, у Беларусі павінны адпрацоўваць некалькі дзён на месяц.
Паводле ўмоваў тэндару, як пішуць "Народныя навіны Віцебска", дастаўка беспрацоўных да месца грамадскіх работ павінна адбывацца ў межах Аршанскага раёна. Мяркуецца, што з 16 сакавіка па 31 снежня 2017 года агульная працягласць перавозак на працу і назад складзе 20 000 кіламетраў, а кошт гэтых паслуг ацэньваецца ў 35 000 рублёў (каля 18 000 долараў).
Грошы будуць вылучаныя з мясцовага бюджэту.