Мінская міліцыя сарвала прэзентацыю расійскага альманаха moloko plus

Мінская міліцыя сарвала прэзентацыю расійскага альманаха moloko plus

На прэзентацыю альманаха moloko puls, якая мусіць прайсці ў мінскім Прэс-клубе, завітала міліцыя. Пра гэта паведамілі ўдзельнікі альманаха ў сябе на старонцы ў Тэлеграме:

“Сябры. Супрацоўнікі міліцыі ля дзвярэй Прэс-клуба апытваюць наведнікаў нашай прэзентацыі і патрабуюць іх пашпартныя дадзеныя. Здымаюць усё на відэа. Будзьце асцярожныя, узважце ўсе рызыкі, калі збіраецеся да нас прыйсці”.

Пазней стала вядома, што дваіх выступоўцаў, якія мусілі ўдзельнічаць у прэзентацыі, затрымалі. Паўла Нікуліна і Яна Патарскага павезлі ў Савецкі РУУС.

moloko plus — гэта некамерцыйны альманах, прысвечаны праблемам гвалту. У ім працуюць прафесійныя журналісткі і журналісты, “якія стаміліся ад цэнзуры і ангажаванага парадку дня ў расійскіх федэральных медыя”.

Раней выйшлі тры нумары альманаха — “Тэрарызм”, “Наркотыкі” і “Рэвалюцыя”. Цяпер каманда працуе над чацвёртым нумарам — “Патрыярхат”.

На лекцыі ў мінскім Прэс-клубе рэдакцыя альманаха мусіла распавесці, як сабраць грошы на ўласны праект, арганізаваць працу ў гарызантальнай рэдакцыі і даць рады юрыдычным, этычным і эканамічным праблемам.

Мінская міліцыя сарвала прэзентацыю расійскага альманаха moloko plus

У каментары Еўрарадыё супрацоўнік Прэс-клуба Аляксей Шунтаў распавёў, як адбывалася затрыманне расійскіх журналістаў.

“Мы запрашалі спікераў з перадавых замежных рэдакцыяў, такіх як The Gardian, New York Times, Gazeta Wyborcza ды іншыя. Канкрэтна moloko plus падаўся нам цікавым і рэлевантным для беларускіх медыйшчыкаў. Што здарылася? Прыкладна ў 15:20 у Прэс-клуб прыйшлі двое прадстаўнікоў міліцыі, якія прадставіліся супрацоўнікамі савецкага РУУС. Яны перапісалі пашпартныя дадзеныя супрацоўнікаў Прэс-клуба, якія знаходзіліся ў той момант у офісе і сказалі, што іх зацікавіла гэтая лекцыя і яны нібыта хочуць папрысутнічаць.

Яны прынеслі з сабой відэакамеру і паставілі яе на пятым паверсе і здымалі ўсіх, хто прыходзіць на адкрытую лекцыю. Ва ўсіх перапісвалі пашпартныя дадзеныя. Да нас дайшло асобаў 20 максімум. Са словаў гасцей, чалавек дзесяць развярнуліся, як толькі даведаліся, што будуць перапісваць пашпартныя дадзеныя.

Хвілінаў праз сорак, каля чацвёртай гадзіны, калі лекцыя, уласна, мусіла распачынацца, да нас у офіс вярнуліся супрацоўнікі міліцыі і сказалі Яну і Паўлу, што яны затрыманыя, мусяць узяць свае асабістыя рэчы і праехалі з імі ў Савецкі РУУС. На пытанне наша, якія прычыны затрымання, яны сказалі, што мы трэція асобы і нам прычыну затрымання паведамляць не стануць. На пытанне Паўла паведаміць хаця б ім, яны сказалі: “Мы вам паведамім дарогай”.

Аляксей сказаў, што ў Расіі ў moloko plus  таксама час ад часу зрываюцца імпрэзы.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі