На расійскай авіябазе ў Беларусі мяркуецца трымаць 12 самалётаў
Праект стварэння расійскай авіябазы ў Беларусі прадугледжвае, што на аэрадроме ў Бабруйску будуць знаходзіцца дванаццаць баявых самалётаў і чатыры транспартна-баявыя верталёты Мі-8. Такія лічбы назваў начальнік аператыўнага кіравання глаўкамата Паветрана-касмічных сіл Расіі Аляксандр Ляпкін.
Паводле яго словаў, якія перадае ria.ru, склад расійскай авіябазы і яе арганізацыйна-штатная структура ўжо зацверджаныя. Ён заявіў, што дакумент узгоднены з беларускім бокам і папрасіў беларускіх калег паскорыць правядзенне неабходных працэдур па падрыхтоўцы пагаднення да падпісання.
Як паведамлялася раней, пытанне аб размяшчэнні расійскай авіябазы ў Беларусі можа разглядацца на сустрэчы кіраўнікоў дзвюх краін 26 лістапада. У сярдзіне верасня Уладзімір Пуцін даручыў Мінабароны і МЗС РФ дамовіцца з Беларуссю пра стварэнне расійскай авіябазы. Пазней Аляксандр Лукашэнка паведаміў, быццам не абмяркоўваў з Масквой пытанне пра стварэнне расійскай авіябазы на тэрыторыі Беларусі.