На рэканструкцыю аэрадрома Орша выдаткуюць 44 млн долараў

На рэканструкцыю аэрадрома Орша выдаткуюць 44 млн долараў

На рэканструкцыю аэрадрома Орша выдаткуюць да 43,6 мільёна долараў. Адпаведная пастанова прэм’ер-міністра Беларусі Сяргея Румаса апублікаваная на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале. Крэдыт прадпрыемству “Нацыянальны аэрапорт Мінск” выдзеліць “Банк развіцця Рэспублікі Беларусь”.

Крэдытныя сродкі пойдуць на капітальны рамонт існуючай узлётна-пасадачнай паласы, рэканструкцыю рулёжных дарожак і будаўніцтва аб'ектаў дапаможнага прызначэння. Аб'ект плануецца ўвесці ў эксплуатацыю да 2021 года. Дадаткова яшчэ да 15 мільёнаў долараў, згодна з пастановай кіраўніка ўраду, пойдуць на будаўніцтва другой узлётна-пасадачнай паласы ў Нацыянальным аэрапорце Мінск. Яе адкрыццё чакаецца ўвесну 2019 года.

Аэрадром Орша знаходзіцца ў гарадскім пасёлку Балбасава, што ў 12 кіламетрах ад Оршы. Да нядаўняга часу аэрадром выкарыстоўваўся толькі для патрэб Аршанскага авіярамонтнага завода. Аднак у 2017-м аэрадром адчынілі і для міжнародных палётаў, праўда, выключна для грузавых авіярэйсаў.

Аршанскі авіярамонтны завод з 2018 года вярнуўся ва ўласнасць дзяржавы. З 2012-га яго акцыянерамі з'яўляліся украінскае прадпрыемства "Матор Січ" і беларускае прадпрыемства "Сістэмы інвестыцый і інавацый". Беларуская і ўкраінская кампаніі планавалі да 2016 года інвеставаць у рэканструкцыю, мадэрнізацыю вытворчых магутнасцяў завода каля 12 мільёнаў долараў, стварыць звыш 300 працоўных месцаў. Але не ўсё з гэтага атрымалася рэалізаваць.

Дзейнасць авіярамонтнага завода была цесна звязаная з прадпрыемствамі Расіі, Украіны і Беларусі. Аднак расійска-ўкраінскі канфлікт стварыў сур'ёзныя перашкоды для далейшага развіцця завода.

Больш важных падзей тыдня ў выніковай праграме ЕЎРАЗУМ:

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі