На семінары для людзей з інваліднасцю ў гомельскім гатэлі не знайшлося пандуса
На семінары, прысвечаным праблемам інклюзіі людзей з абмежаванымі магчымасцямі, чатыры інваліды-вазочнікі сутыкнуліся з праблемай: лесвіца ў рэстаран не мела пандуса. Інцыдэнт адбыўся ў гомельскім гатэлі "Турыст".
Як піша gomel.today, для трох беларусаў і аднаго бельгійца праблема апынулася непераадольнай без пабочнай дапамогі.
Семінар ладзіцца разам з Еўрасаюзам. Падобны семінар ладзіўся ўжо два месяцы таму. І тады прадстаўнік арганізатараў Франк Сеон пісаў зварот у адміністрацыю гатэля з просьбай усталяваць неабходныя пандусы. Аднак выніку гэта не дало.
Галоўны інжынер "Турыста" заявіў, што адміністрацыя ведае аб праблеме і збіраецца яе вырашыць. Але канкрэтнага тэрміну ён не назваў: пандусы ўсталююць, калі з'явяцца грошы.