На судзе па "справе Вясны" закончылі зачытваць матэрыялы следства
Алесь Бяляцкі і Валянцін Стэфановіч (на заднім плане) на судзе / sb.by
На судзе па "справе Вясны" завяршылі чытанне матэрыялаў папярэдняга следства, піша дзяржаўнае выданне "СБ. Беларусь сегодня". На чытанне 284 тамоў суду спатрэбілася менш за месяц.
Як вынікае з публікацыі, апошнія тамы прысвячаліся нерухомасці, аформленай на "вясноўцаў". Гаворка ідзе як пра іх уласныя кватэры, так і пра офісы, у якіх працавалі праваабаронцы (напрыклад, "Тэрыторыя правоў" на вуліцы Ложынскай).
Суд над "вясноўцамі" праходзіць у судзе Ленінскага раёна Мінска. Працэс пачаўся 5 студзеня. Па "справе Вясны" судзяць Нобелеўскага лаўрэата міру, кіраўніка праваабарончага цэнтра "Вясна" Алеся Бяляцкага, яго намесніка Валянціна Стэфановіча, каардынатара кампаніі "Праваабаронцы за свабодныя выбары" Уладзіміра Лабковіча і (завочна) праваабаронцу Змітра Салаўёва. Нагодай для працэсу стала іх праваабарончая дзейнасць.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.