На Светлагорскім ЦКК аднавілі вытворчасць сульфатнай беленай цэлюлозы
Аднаўленчыя працы працягваюцца больш за два месяцы / t.me/CONCERN_BELLESBUMPROM/
На Светлагорскім ЦКК аднавілі вытворчасць сульфатнай беленай цэлюлозы, якая была спынена ў чэрвені ў выніку аварыі, паведамляе прэс-служба "Беллеспаперпраму". Адзначаецца, што "праводзіцца комплекс мерапрыемстваў для выхаду на дааварыйныя аб'ёмы вытворчасці". Дарэчы, аднаўленчыя працы не скончаны. Яны "паралельна вядуцца".
Выбух на заводзе беленай цэлюлозы Светлагорскага цэлюлозна-кардоннага камбіната здарыўся 7 чэрвеня. У выніку яго загінулі тры рабочыя, яшчэ чацвёра — пацярпелі.
Пра здарэнне і яго наступствы аператыўна паведамляў светлагорскі тэлеканал "Ранак", што не спадабалася ўладам. Спачатку сілавікі затрымлівалі яго супрацоўнікаў, а пасля сайт і сацсеткі тэлеканала суд прызнаў "экстрэмісцкімі".
На будаўніцтва Светлагорскага ЦКК лукашэнкаўскі ўрад патраціў $850 млн, з іх $654 млн узялі ў крэдыт у кітайскіх банкаў. Камбінат здалі з 5-гадовай затрымкай, і нядаўняе надзвычайнае здарэнне на ім — далёка не першае.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.