На ўчастку ў Мінску па выбарах прэзідэнта Расіі раздавалі георгіеўскія стужкі
На ўчастку ў Мінску для галасавання на выбарах прэзідэнта Расіі раздавалі георгіеўскія стужкі, пра гэта паведамляе Радыё Свабода.
Участак размяшчаецца на тэрыторыі амбасады Расіі і з’яўляецца асноўным месца, дзе могуць прагаласаваць расійскія грамадзяне, якія жывуць у Беларусі. Таксама ўчасткі ёсць у Брэсце, Гродне, Віцебску, Гомелі, Магілёве, Бабруйску, Астраўцы, Барысаве, Баранавічах, Оршы, Полацку і ў пасёлку Азярэчча Клецкага раёну, дзе размяшчаецца расійская вайсковая частка.
Кіраўніка дзяржавы ў Расіі абіраюць у сёмы раз. Цяпер працягласць аднаго прэзідэнцкага тэрміну — 6 гадоў, парогу яўкі на галасаванні няма.
У выбарах удзельнічаюць восем асобаў: Сяргей Бабурын (партыя “Расійскі агульнанародны саюз”), Павел Грудзінін (Камуністычная партыя Расійскай Федэрацыі), Уладзімір Жырыноўскі (Ліберальна-дэмакратычная партыя Расіі), Уладзімір Пуцін (самавылучэнне), Ксенія Сабчак (“Грамадзянская ініцыятыва”), Максім Сурайкін (“Камуністы Расіі”), Барыс Цітоў (Партыя росту), Рыгор Яўлінскі (Партыя “Яблоко”).