На ўкраінскай вайне загінулі ўжо восем грамадзян Беларусі
У баях на ўкраінскім Данбасе прымаюць удзел каля 140 грамадзян Беларусі. Такія звесткі галоўнага ўпраўлення па барацьбе з арганізаванай злачыннасцю і карупцыяй МУС перадае газета "СБ — Беларусь сегодня". Восем нашых суайчыннікаў ужо загінулі.
У Следчы камітэт і Генпракуратуру Беларусі накіраваныя ўжо 16 матэрыялаў афіцыйных праверак у дачыненні да 24 чалавек. Акрамя таго міліцыянты рыхтуюць яшчэ 9 матэрыялаў на 11 беларускіх грамадзян, у тым ліку аднаго загінулага.
Нагадаем, што пад крымінальную адказнасць у Беларусі цяпер трапляюць не толькі наёмнікі, якія ваююць за плату, але і дабраахвотнікі.
Беларусы на Данбасе ваююць па абодва бакі фронту — як у часцях Антытэрарыстычнай аперацыі, так і на баку так званых "ДНР" і "ЛНР". Аднак у каментары "СБ — Беларусь сегодня" прадстаўнікі МУС Беларусі заяўляюць, што найбольшую пагрозу нацыянальнай бяспецы ўяўляюць тыя нашы суайчыннікі, хто ваюе на баку афіцыйнага Кіева. "У большасці сваёй гэта прадстаўнікі крымінагеннага моладзевага асяроддзя, якія прытрымліваюцца вельмі радыкальных неанацысцкіх поглядаў. Яны прапаведуюць ідэалогію агрэсіўных каляфутбольных рухаў і гвалтоўную форму звяржэння дзяржаўнай улады, адкрыта супрацьпастаўляюць сябе праваахоўнай сістэме", — кажуць у МУС.