На вайсковых зборах у Мінскім раёне трэніраваць будуць інструктары-"вагнераўцы"
Вайсковыя зборы ў Мінску / t.me/modmilby, ілюстрацыйнае фота
На пачатку чэрвеня ваеннаабавязаных Мінскага раёна выклікалі ў райваенкамат. У позвах было пазначана, што выклікаюць іх для ўдакладнення звестак, а на месцы выявілася, што мужчын прызываюць на зборы ў канцы месяца. Прычым трэніраваць іх будуць у тым ліку найміты з ПВК "Вагнер", якая ваюе ва Украіне. Пра гэта сайт "Зеркало" даведаўся ад аднаго з прысутных на мерапрыемстве.
10-дзённыя зборы плануецца правесці з 19 па 28 чэрвеня на базе вайсковай часці 3214.
Жонка аднаго з прысутных на сустрэчы затэлефанавала ў ваенкаматы Мінскага раёна і вобласці, а таксама ў прыёмную Мінабароны. Яна пыталася, чаму ваеннаабавязаных будуць трэніраваць "вагнераўцы".
У ваенкамаце Мінскага раёна жанчыне сказалі, каб муж яшчэ раз прыехаў і пагаварыў з афіцэрамі. У Мінскм абласным ваенкамаце таксама канкрэтнага адказу яна не дачакалася: дзяжурны пачаў у грубай форме патрабаваць асабістыя даныя і адмаўляўся працягваць дыялог.
А ў прыёмнай Мінабароны адказалі вельмі лаканічна: "Не ведаю, адкуль у вас такая інфармацыя, я такой інфармацыяй не валодаю".
Прыватнай ваеннй кампаніяй "Вагнер" кіруе прадпрымальнік Яўген Прыгожын, блізка звязаны з Уладзімірам Пуціным. "Вагнераўцы" актыўна вярбуюць у свае шэрагі зняволеных з калоній, абяцаючы ім памілаванне ў абмен на службу.
Прадстаўнікі гэтай групоўкі праславіліся сваёй жорсткасцю на захопленых тэрыторыях. Бязлітасна распраўляюцца яны і з уласнымі людзьмі: у інтэрнэце ёсць шэраг відэа пакаранняў смерцю байцоў, якіх забіваюць у рэжыме рэальнага часу. Кагосьці забіваюць кувалдай да смерці, кагосьці прымушаюць капаць сабе магілу і пасля расстрэльваюць.
Днямі "вагнераўцы" праславіліся тым, што ўзялі ў палон падпалкоўніка расійскага войска і прымусілі прасіць прабачэнне на відэа.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.