На вуліцы Мазыра заблукаў лось
Незвычайнае відовішча пабачылі жыхары Мазыра зранку 10 красавіка на сваіх вуліцах. У мікрараён "Чыгуначны" зайшоў лось, паведамляе тэлекампанія "Мазыр".
Разгубленая жывёла трапіла ў своеасаблівую пастку, якой стаў участак, абгароджаны па перыметры сеткай-рабіцай.
Спецыялісты, якія прыбылі на месца здарэння, высветлілі, што гэта не дарослы лось, а падлетак-сяголетак, які толькі пачаў самастойнае жыццё без мамы.
Навакольныя жыхары паспелі ахрысціць жывёлу Машкай, пачалі яе фатаграфаваць, спрабавалі карміць і паіць. Аднак увага людзей выклікала ў маладой ласіхі толькі стрэс. Таму было вырашана ўсыпіць яе. каб вярнуць у лес.