На выбарах у Еўрапарламент лідыруе Еўрапейская народная партыя
Урсула фон дэр Ляен найхутчэй захавае сваю пасаду
На выбарах у Еўрапарламент лідыруе Еўрапейская народная партыя — больш за 180 месцаў з 720. Яна падтрымлівае цяперашнюю кіраўніцу Еўракамісіі Урсулу фон дэр Ляен, якая найхутчэй захавае сваю пасаду.
"Прагрэсіўны альянс сацыялістаў і дэмакратаў" атрымлівае не менш за 135 месцаў, "Абнаўляючы Еўропу" — каля 80, "Кансерватары і рэфармісты" — каля 70 месцаў.
У некаторых краінах (Францыі, Германіі, Аўстрыі) значных поспехаў дасягнулі ўльтраправыя партыі. Прэзідэнт Францыі Эмануэль Макрон быў вымушаны распусціць парламент і аб'явіць новыя выбары. Праўладная партыя "Адраджэнне" набрала толькі каля 14%, а "Нацыянальнае аб'яднанне" — каля 31%.
Партыя прэм'ера Віктара Орбана на выбарах у Еўрапарламент у Венгрыі набрала каля 44% галасоў — найгоршы вынік за 20 апошніх гадоў. Партыя канкурэнта Орбана Петара Мадзьяра атрымала значна вышэй чаканага — 30%.
У Германіі блок ХДС/ХСС перамог з вялікім адрывам, у яго 30%. "Альтэрнатыва для Германіі" заняла другое месца з 15,9%. Партыя канцлера Олафа Шольца паказала найгоршы вынік у гісторыі, набраўшы 13,9%. "Зялёныя" ўпалі да 11,9%.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.