У Орбана з'явіўся сапернік, які абяцае змяніць палітычную эліту Венгрыі

Петэр Мадзьяр сабраў найбуйнейшую апазіцыйную вулічную акцыю

Петэр Мадзьяр сабраў найбуйнейшую апазіцыйную вулічную акцыю / facebook.com/peter.magyar.102

У венгерскага прэм'ер-міністра Віктара Орбана нечакана з'явіўся новы сапернік — Петэр Мадзьяр, які збірае шматтысячныя дэманстрацыі і заяўляе, што "ў Венгрыі пачаліся перамены, якія немагчыма спыніць".

Мадзьяру 43 гады. Ён юрыст і былы дыпламат, быў сябрам правячай партыі ФІДЭС, уваходзіў у яе эліту. Але ў лютым 2024-га публічна парваў з урадам Орбана (абвінаваціў у карупцыі і ўмяшанні ў працу праваахоўных органаў) і кінуў прэм'еру выклік. Яго падштурхнуў да такога рашэння скандал з памілаваннем мужчыны, асуджанага за дапамогу ва ўтойванні справы аб сексуальным гвалце ў дзіцячым доме.

Днямі ў Будапешце дзясяткі тысяч венграў (а па некаторых ацэнках — да 100 тысяч) пратэставалі супраць кіраўніцтва краіны. Гэта была адна з найбуйнейшых дэманстрацый за апошнія гады, піша theguardian.com. Петэр Мадзьяр узначаліў гэтую акцыю. 

У Орбана з'явіўся сапернік, які абяцае змяніць палітычную эліту Венгрыі
"Уставайце, венгры!" — заклікае Мадзьяр у Facebook / facebook.com/peter.magyar.102

За час 14-гадовага знаходжання Віктара Орбана ва ўладзе яго крытыкавалі за ўсё большы падрыў дэмакратычных інстытутаў, сяброўства з Масквой і Пекінам, бяздзейнасць у барацьбе з карупцыяй. Аднак ён працягваў заставацца ва ўладзе. Мадзьяр за гэта рэзка крытыкуе традыцыйныя апазіцыйныя сілы, называе іх "бездапаможнымі". Сябе ж пазіцыянуе як цэнтрысцкую фігуру. Ён аб'явіў пра намер стварыць апазіцыйны рух новага тыпу, партыю, якая будзе змагацца з правячай ФІДЭС на муніцыпальных выбарах і выбарах у Еўрапарламент у чэрвені.

Сам пратэст адрозніваўся ад звычайных дэманстрацый венгерскай апазіцыі: гучала музыка з тэлешоў пра мафію, а на гіганцкім экране мільгалі выявы венгерскай палітычнай эліты. Разам з прамовамі можна было пачуць вершы і спевы.

"Мы вернем сабе нашу краіну крок за крокам і пабудуем суверэнную, сучасную Венгрыю", — гаварыў Петэр Мадзьяр падчас свайго выступу на мітынгу ў Будапешце. Ён заклікае аб'яднацца розныя сілы — ад правых да левых — і разам змяніць цяперашнюю палітычную эліту. Эксперты мяркуюць, што з'яўленне Петэра Мадзьяра на палітычнай арэне ў Венгрыі як самастойнай фігуры было нечаканым і відавочна застала ўрад Орбана знянацку. І пакуль была толькі спроба былой жонкі Мадзьяра, экс-міністра юстыцыі Юдзіт Варгі, яго скампраметаваць праз заяву, што ён дрэнна абыходзіўся з ёй, пакуль яны былі жанатыя. Палітык абверг гэтыя абвінавачванні.

Нядаўняе апытанне паказвае, што партыю Мадзьяра гатовыя падтрымаць 15%, і яна ўжо на самым пачатку можа стаць трэцяй па папулярнасці ў краіне. Новы палітык, відаць, спадзяецца і на пратэснае галасаванне людзей, незадаволеных рэжымам Віктара Орбана.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі