На заробак кіяскёрам "Мінсктранса" штомесяц сыходзіць 105 тысяч долараў
Яшчэ здзіўляецеся, чаму расце кошт квітка? Еўрарадыё падлічыла, колькі каштуе ўтрымліваць кіёск "Мінсктранса" з касірам.
39 прыпынкаў галоўнага аўтобуснага маршрута № 100 і толькі на 11 можна набыць талончык!
"Мінсктранс" на пытанне Еўрарадыё, чаму усталявалі новую сістэму аплаты праезду, звольнілі кандуктараў, але не паклапаціліся, дзе пасажыры будуць набываць талончык, разводзіць рукамі, маўляў, усё добра.
"У нас дастаткова развітая сетка па набыцці талончыкаў. Цяпер існуе БСК, на якую можна запісаць 60 паездак з добрай зніжкай. Мінсктранс будзе ўстанаўліваць дадатковыя кіёскі. Цяпер 139 кіёскаў працуюць на наземцы, касы ў метро. Распрацоўваем з БПС-банкам, каб праз банкаматы, 330 кіёскаў “Белсаюздруку”, у крамах была магчымасць набыць папяровыя талончыкі”.
Новыя кіёскі ад “Мінсктранса” — добрая навіна, але колькі каштуе такі кіёск і праца касіра? Ці не танней усталяваць аўтаматы па продажы талончыкаў, як, напрыклад, у Варшаве?
Касірка Аксана працуе з 6.30 да 14.30 на прыпынку “Гарадскі вал”, далей — другі касір. З Аксанай мы размаўляем праз дзверы, зачыненыя на ланцужок.
“За змену павінна прадаць каля 500 талончыкаў. Наступны касір у другую змену таксама 500. Але цяпер сталі болей набываць талончыкі, пасля знікнення кандуктараў”, — расказвае Аксана.
1000 талончыкаў гэта 4 мільёны рублёў за дзень. І гэта заробак Аксаны за месяц. Падлічваем, у Мінску 139 такіх кіёскаў, дзе працуюць няхай і 278 касіраў. На месяц на заробак ідзе каля 105 тысяч долараў! Гэта плюс да сумы выдаткаў на ўтрыманне кіёска. А “Мінсктранс” пастаянна шукае касіраў. Многія не спраўляюцца з нагрузкай. У аддзеле кадраў “Мінсктранса” я цікаўлюся заробкамі і адказнасцю. Калі ёсць жаданне, працаваць касірам у раёне Камароўскага рынка можна хоць заўтра.
“У асноўным, працуюць пенсіянеры, моладзі вельмі мала. Многія не спраўляюцца з бухгалтарскім улікам. Многія закладаюць свае грошы. Было такое, што адзін раз прыйшла на працу касірка і ў першы ж дзень заклала свае 600 тысяч. Крычаць на касіраў, у нас жа ўсе разумныя сталі. Гэта не кожны вытрымае”, — кажуць мне ў аддзеле кадраў і пералічваюць плюсы: заробак ў 3,7—4 мільёны рублёў і гнуткі графік працы. Астатняе — толькі мінусы.
“Летам горача ў кіёску, нават хуткая дапамога забірае людзей, а зімой холадна. Канечне, абагравальнік ёсць. Але вы ўявіце, на вуліцы мінус 25, у кіёску мінус 20. Пакуль той кіёск нагрэе абагравальнік…. Таму мёрзнуць”.
Як стала вядома Еўрарадыё, новыя кіёскі робяць на Рамонтна-механічным заводзе (філіял “Мінсктранса”) за 80 мільёнаў кожны. І трэба яшчэ прывезці, усталяваць, правесці электрычнасць.
“Летам прывозілі кіёскі, не памятаю, колькі штук. Гэта каштавала нам каля 6 мільёнаў рублёў. За ўсе кіёскі мы плацім зямельны падатак — гэта каля 3 мільёнаў рублёў у месяц. Плюс, патрэбны праект на правядзенне электрычнасці — гэта 2 мільёны, плюс падключэнне да электрычнасці — гэта па-рознаму каштуе”, — пералічваюць ў бухгалтэрыі "Мінсктранса".
У выніку прыкладна 85-88 мільёнаў каштуе паставіць адзін такі кіёск, ці 22 тысячы талончыкаў па кошце 4000 рублёў. Такую выручку кіёск атрымае за 22 дні працы. Гэта падлік без заробку касіра, які пацягне яшчэ на два дні працы кіёска.
Ці не прасцей паставіць "білетамат", які будзе працаваць кругласутачна, а не з паловай на сёмую раніцы і да дзевяці вечара. Як даведалася Еўрарадыё, у Польшчы адзін такі "білетамат" каштуе каля 30 тысяч долараў, ці каля 78 тысяч талончыкаў. Гэта ў 3,5 разы больш за кіёск. "Білетаматы" нават у аўтобусах ёсць, яны таннейшыя.
Як кажуць у “Мінсктрансе”, цяпер пытанне пра тое, каб пасажыры прасцей маглі набываць квіток, прапрацоўваецца. Як стала вядома Еўрарадыё, яшчэ каля 220 кропак папаўнення картак з'явяцца ў Мінску ў будучым годзе, у тым ліку, і праз тэрміналы. Цяпер рыхтуецца дамова і праграмнае забеспячэнне для ўсталявання тэрміналаў, праз якія можна будзе папоўніць рахунак карткі не толькі на метро, але і на астатнія віды транспарту. Чаму адразу не зрабіць усё як мага прасцей і з меншымі выдаткамі, мы нават не здагадваемся.