Нацбанк патлумачыў сваё рашэнне пра "5800 рублёў на тыдзень”
Нацыянальны банк / Еўрарадыё
Нацбанк пракаментаваў сваё рашэнне аб кантролі за аперацыямі кліентаў, якія здымаюць з карт больш за 200 базавых велічынь (5800 рублёў) на тыдзень. Маўляў, гэтая мера не абмежавальная, яна патрэбная банкам "у мэтах унутранага кантролю, накіраванага на зніжэнне рызык уключэння ў аперацыі, звязаныя з легалізацыяй злачынных даходаў".
Раней праверкі праводзіліся, калі сума была больш за 500 базавых велічынь на месяц. Новы парог — 200 б.в. на тыдзень. Гэта значыць, фактычна, парогавая сума нават павялічылася, адзначае Нацбанк.
Новаўвядзенне тычыцца тых, чые карты выпушчаныя не беларускімі банкамі, і тых, хто атрымлівае даходы з-за мяжы.
Акрамя таго, Нацбанк рэкамендаваў банкам абменьвацца дадзенымі з АРІП, каб мець больш інфармацыі па аперацыях. Усе гэтыя меры — рэалізацыя змен у Законе "Аб мерах па прадухіленні легалізацыі даходаў, атрыманых злачынным шляхам, фінансавання тэрарыстычнай дзейнасці і фінансавання распаўсюджвання зброі масавага паражэння" ад 20 лістапада мінулага 2020 года.
Пастанова Нацбанка №82, якая дазволіць узмоцнена сачыць за здыманнем наяўных грошай, прынятая 31 сакавіка бягучага года.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.