Нацбанк скароцяць і дадуць новыя паўнамоцтвы
Колькасць чальцоў праўлення Нацыянальнага банка скарачаецца з адзінаццаці да дзевяці чалавек. Удакладняецца парадак прызначэння на пасады намеснікаў старшыні Праўлення Нацбанка і іншых чальцоў праўлення, пераразмяркоўваюцца паўнамоцтвы па распараджэнні маёмасцю, якія не адносяцца да асноўных сродкаў (інвентар, інструменты і іншыя прадметы і матэрыялы), мяняецца парадак выдачы даверанасцяў ад імя Нацбанка.
Усё гэта прадугледжана ўказам кіраўніка Беларусі №108 ад 6 красавіка 2017 года,перадае прэс-служба Нацбанка. Гэты ўказ прадугледжвае карэкціроўку Статута Нацбанка ды іншых актаў, датычных дзейнасці гэтай установы. Змены адбываюцца дзеля павышэння эфектыўнасці дзейнасці Нацбанка і ўдасканалення яго прававога статусу.
У прыватнасці, асноўнай мэтай дзейнасці Нацбанка цяпер называецца падтрыманне цэнавай стабільнасці. Раней мэта акрэслівалася як "абарона і забеспячэнне ўстойлівасці беларускага рубля, у тым ліку яго пакупніцкай здольнасці і курсу ў адносінах да замежных валют".
Пад цэнавай стабільнасцю маецца на ўвазе ўмераны агульны рост коштаў у эканоміцы, які вымяраецца індэксам спажывецкіх цэн. Нацбанк можа стрымліваць агульны інфляцыйны ціск, кіруючы аб'ёмам грашовай эмісіі ды коштам грошай у эканоміцы.
Пры гэтым Нацыянальны банк не можа напрамую ўплываць на адміністрацыйна рэгуляваныя кошты, кошты натуральных манаполій або кошты асобных тавараў.
Таксама ў адпаведнасці з указам №108 Нацбанк атрымаў паўнамоцтвы:
— ажыццяўляць кантроль за дзейнасцю адкрытага акцыянернага таварыства "Беларуская валютна-фондавая біржа" (у дачыненні да ажыццяўлення дадзеных таварыствам асобных банкаўскіх аперацый) у частцы выканання заканадаўства аб прадухiленнi легалiзацыi даходаў, атрыманых злачынным шляхам, фінансавання тэрарыстычнай дзейнасці і фінансавання распаўсюду зброі масавага паражэння;
— вызначаць спосабы і парадак забеспячэння выканання абавязацельстваў, якія ўзнікаюць пры міжбанкаўскіх разліках па аперацыях з выкарыстаннем банкаўскіх плацежных картак;
— арганізоўваць правядзенне навуковых даследаванняў па пытаннях дзейнасці Нацыянальнага банка і банкаўскага сектара.
Указ №108 набывае моц праз тры месяцы пасля яго афіцыйнага апублікавання.