Начальнік Генштаба РБ: войска гатовае выкарыстаць спецыяльную ядзерную зброю
"Іскандэры" атрымалі спецбоепрыпасы
Начальнік Генштаба, першы намеснік міністра абароны Беларусі генерал-маёр Павел Муравейка распавёў пра ўдзел беларускіх падраздзяленняў у другім этапе вучэнняў з нестратэгічнымі ядзернымі сіламі. Выкананне "вучэбна-баявых задач" адбывалася ва ўзаемадзеянні з расіянамі.
"Аператыўна-тактычныя комплексы "Іскандэр" высунуліся ў прызначаныя пазіцыйныя раёны, атрымалі спецыяльныя боепрыпасы, прыстыкавалі іх да баявых частак і занялі стартавыя пазіцыі, заступіўшы на баявое дзяжурства па прызначаных цэлях, — цытуе словы Муравейкі прэс-служба Мінабароны. — Аналагічнае мерапрыемства выканала і наша авіяцыя... Да апошняга моманту камандзіры авіяцыйных звёнаў не ведалі, хто атрымае права адпрацаваць вучэбна-баявыя задачы і з якога аэрадрома будзе працаваць авіяцыя. Сігнал прыйшоў літаральна за 30 хвілін да пачатку выканання задач, і дадзенае мерапрыемства нашы авіятары выканалі з годнасцю і гонарам".
Начальнік Генштаба кажа пра "прафесійныя дзеянні" беларускіх вайскоўцаў, якія выканалі "ўсе кантрольныя нарматывы... раней прызначанага тэрміну". І дадаў: "Вынікі мы падвядзем, але ўжо цяпер магу з упэўненасцю заявіць: падраздзяленні і часці Узброеных сіл Беларусі да выкарыстання спецыяльнай ядзернай зброі гатовыя".
Пра тое, што Беларусь далучыцца да расійскіх ядзерных вучэнняў (па адпрацоўцы прымянення нестратэгічнай ядзернай зброі), Уладзімір Пуцін заявіў 9 траўня. Ён тады адзначыў, што беларускія вайскоўцы будуць задзейнічаныя на другім этапе вучэнняў. Пра яго пачатак стала вядома напярэдадні.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.